Клуб народны народных майстроў і самадзейных мастакоў «Адраджэнне». Ушацкі раён, г. п. Ушачы
- Подробности
- Створана 12.05.2020 12:23
- Адноўлена 12.05.2020 10:46
У 1993 годзе пачаў сваё існаванне аматарскі калектыў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Адраджэнне». Калектыў з 22 чалавек падабраўся творчы, з задавальненнем прымаў удзел у шматлікіх выставах. У 1996 годзе калектыў атрымаў ганаровае званне «народны» і стаў народным клубам народных майстроў і самадзейных мастакоў «Адраджэнне» Ушацкага РДК. З таго часу статус «народны» калектыў пацвердзіў восем разоў. Пасля рэарганізацыі клубнай сістэмы ў 2014 годзе народны клуб «Адраджэнне» ўвайшоў у склад дзяржаўнай установы культуры «Ушацкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці».
Зараз у склад народнага клуба майстроў і самадзейных мастакоў уваходзіць 28 чалавек, якія займаюцца наступнымі відамі народнага і сучаснага мастацтва: жывапіс, акварэль; роспіс па дрэве, тканіне, маляванкі; разьба па дрэве, выпальванне, выпільванне лобзікам; вышыванне крыжыкам, вязанне на прутках і кручком; шыццё лялек, цацак; саломапляценне; ганчарства, бісерапляценне і іншыя віды сучаснага мастацтва.
На сваіх занятках удзельнікі павышаюць узровень майстэрства, абменьваюцца індывідуальным вопытам работы, выкарыстаннем новых тэхналогій, праводзяць сумесныя мерапрыемствы.
Калектыў народнага клуба шмат робіць для прапаганды і развіцця дэкаратыўна-прыкладнога і сучаснага мастацтва, выкарыстоўваючы розныя віды дзейнасці. Арганізоўваюцца выставы і экскурсіі ў Дом рамёстваў, на якіх знаёмяць наведавальнікаў з экспанатамі, выкананымі ў розных тэхніках і праводзяць майстар-класы па разнастайных відах народнай творчасці: вышыванне, вязанне, жывапіс, выраб сувеніраў у тэхніцы «пап'е-машэ», сувеніраў у тэхніцы «канзашы», выраб беларускай лялькі, абярэгавай лялькі, навагодняй цацкі.
На працягу 2019 года праведзена 41 выстава дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Майстры народнага клуба «Адраджэнне» прынялі ўдзел у абласных выставах-конкурсах «Светлы дзень», «З усмешкай на твары», «Тэкстыль-дэкор»; абласной выставе «Вянок нявесты» і выставе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Горад майстроў» у рамках XХVIІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», раённых выставах, прысвечаных Дню Перамогі, да дня нараджэння В. Быкава; да свят «Дзень сям'і» і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, да святкавання 95-годдзя Ушацкага раёна і іншых. Творы ўдзельнікаў былі адзначаны дыпломамі. Удзельнічалі члены клуба і ў Рэспубліканскім фестывалі-кірмашы рамёстваў «Вясновы букет» у г. Мінску.
На V абласным свяце батлеечных пастановак і тэатраў лялек «Лялечны свет» у г. Сянно батлейка клуба «Адраджэнне» была адзначана дыпломам «Прыз глядацкіх сімпатый» (лялькі былі выраблены кіраўніком народнага клуба С. П. Спірыдонавай).
ЛІТАРАТУРА
1. Багдановіч, Н. Усё робіць на «выдатна» / Н. Багдановіч // Патрыёт (Ушачы). – 2016. – 19 сак. – С. 4.
2. Ганчарова, Н. Адраджэнне народных рамёстваў / Н. Ганчарова // Патрыёт (Ушачы). – 2003. – 5 лют. – С. 2.
3. Гарбачова, А. Ушаччына – талентаў край / А. Гарбачова // Патрыёт (Ушачы). – 2012. – 4 студз. – С. 4.
4. Кузусёнак, А. Захоўваем народныя традыцыі / А. Кузусёнак // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 11 крас. – С. 5.
5. Кузусёнак, А. На высокім творчым узлёце / А. Кузусёнак // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 11 лют. – С. 5.
6. Кузусёнак, А. Народны і па назве, і па сутнасці / А. Кузусёнак // Патрыёт (Ушачы). –2016. – 30 студз. – С. 4.