Клуб народны нацыянальных культур «Дружба». Ушацкі раён, г. п. Ушачы
- Подробности
- Створана 12.05.2020 12:23
- Адноўлена 12.05.2020 11:00
Народны клуб нацыянальных культур «Дружба» быў створаны ў 2001 годзе пры Ільюшынскім сельскім Доме культуры. У 2004 годзе клуб атрымаў званне «народны», а ў 2018 годзе ў чарговы раз пацвердзіў гэта званне. Зараз народны клуб нацыянальных культур «Дружба» працуе на базе аўтаклуба ДУК «Ушацкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці».
Клуб аб'ядноўвае 16 удзельнікаў – гэта прадстаўнікі азербайджанскай, башкірскай, польскай, рускай, украінскай і беларускай нацыянальнасцяў. Удзельнікі клуба маюць свае нацыянальныя касцюмы.
Галоўная задача дзейнасці клуба – падтрымка і захаванне традыцый свайго народа, знаёмства людзей з культурай і традыцыямі розных народаў, паляпшэнне адносін паміж людзьмі розных нацыянальнасцяў.
Удзельнікі клуба праводзяць святочныя мерапрыемствы, клубныя пасяджэнні, вечары адпачынку, забаўляльныя і гульнёвыя праграмы, на якіх заўсёды пануе атмасфера ўзаемаразумення. За 2019 год клубам было праведзена 12 пасяджэнняў і 10 мерапрыемстваў.
Клуб «Дружба» з'яўляецца актыўным удзельнікам шматлікіх раённых, абласных, рэгіянальных, міжнародных свят, аглядаў, конкурсаў. Пастаянна прымае ўдзел у абласным свяце і рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур «Нас з'яднала зямля Беларусі». У 2019 годзе ў Верхнядзвінску на гэтым фестывалі клуб стаў лаўрэатам I ступені ў намінацыі «Лепшая прэзентацыя нацыянальных страў». Удзельніца клуба «Дружба» Марына Андзіна, выканаўца ўкраінскіх песень, атрымала дыплом лаўрэата I ступені ў намінацыі «Вакальная творчасць» і Галіна Шарко – дыплом лаўрэата II ступені ў намінацыі «Народныя мастацкія рамёствы».
Кожнае мерапрыемства клуба – гэты незабыўнае свята гасціннасці, цеплыні, увагі да кожнага ўдзельніка, магчымасць акунуцца ў нацыянальныя традыцыі розных народаў. Удзельнікі клуба «Дружба» папулярызуюць свае нацыянальныя гульні, песні, танцы, народныя рамёствы.
Кіраўнік – Ігнатовіч Святлана Віктараўна.
ЛІТАРАТУРА
1. Камаркова, В. Дэбют на «Яблачным фэсце» / В. Камаркова // Патрыёт (Ушачы). – 2018. – 25 жн. – С. 5.
2. Цэван, І. М. Ільюшынскі народны клуб нацыянальных культур «Дружба» / І. М. Цэван // Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.] / рэдкал.: У. Ю. Аляксандраў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2013. – Т. 4 : З–Л. – С. 184.