Тэатр узорны лялечны «Батлейка». Шумілінскі раён, г. п. Шуміліна
- Подробности
- Створана 30.06.2020 12:23
- Адноўлена 23.06.2020 10:58
Лялечны тэатр «Батлейка» створаны ў 2003 годзе ў г. п. Шуміліна пры раённым Доме рамёстваў. У ім займаюцца дзеці ад 9 да 16 гадоў.
Тэатр узнік не на пустым месцы. Яшчэ ў 90-я гады, калі толькі адкрываўся Дом рамёстваў, культработнікі арганізоўвалі этнаграфічныя экспедыцыі, вывучалі культуру, традыцыі, святы, абрады, якія бытавалі ў рэгіёне. У «бабуліных куфрах», сярод іншых унікальных рэчаў, знаходзілі вязаныя лялькі. Тады ж узнікла ідэя навучыць дзяцей народным рамёствам, рукадзеллю. З'явілася калекцыя лялек, звяркоў, звязаных кручком. У 2014 годзе тэатральная калекцыя налічвала каля 70 розных лялек.
У 2007 годзе тэатру прысвоена ганаровае званне «ўзорны».
Калектыў – удзельнік і дыпламант розных мерапрыемстваў, сярод якіх: раённы агляд мастацкай самадзейнасці (2007), абласное свята батлеечных пастановак і тэатраў лялек «Лялечны свет» (Сянно; 2014, 2019), праект «Лялечны дворык» у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (2019). На аглядах-конкурсах калектыў адзначаюць за нацыянальны каларыт, які прасочваецца і ў касцюмах, і ў размове, жартах, прымаўках.
У рэпертуары тэатра каля 30 спектакляў: «Хлопчык-зорка», «Забыты скарб», «Новы калабок», «Пра бабку Параску і дзеда Аўласку», «Марозка», «Ямеліна шчасце», «Людзей слухай, а свой розум май» па матывах беларускіх народных казак і інш.
Кіраўнік тэатра – Барабанава Кацярына Мікалаеўна.
ЛІТАРАТУРА
1. Духовіч, П. «Лялечны свет» / П. Духовіч // Герой працы (Шуміліна). – 2019. – 2 крас. – С. 5.
2. Пастернак, Т. Шумилинская «Батлейка» / Т. Пастернак // Народнае слова. – 2008. – 19 чэрв. – С. 16.
3. Паўлаў, С. Шумілінская «Батлейка» – на другім месцы / С. Паўлаў // Герой працы (Шуміліна). – 2014. – 11 лістап. – С. 1.
4. Фандарэнка, Н. І гульня, і захапленне, і мастацтва / Н. Фандарэнка // Витебские вести. – 2014. – 9 дек. – С. 7.