
Слуцкае Евангелле – Віцебскай абласной бібліятэцы
- Details
- Created on Wednesday, 15 December 2010 07:22
15 снежня ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы Выдавецтвам Беларускага экзархата факсімільнага выдання Слуцкага Евангелля Віцебскай абласной бібліятэцы і сертыфіката да яго.
Слуцкае Евангелле 1582 г., уласнаручны твор слуцкага князя Юрыя Алелькавіча, адна з нацыянальных праваслаўных святынь Беларусі.
Лёс Слуцкага Евангелля – асобная, яшчэ не вывучаная старонка гісторыі помніка.
Звесткі аб ім недакладныя і супярэчлівыя. У канцы XIX ст. яно захоўвалася ў рызніцы Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра, хаця ўсё самае каштоўнае і рэдкае з яго ўжо было вывезена ў Мінск у Свята-Духаў манастыр.
У 1889 г. Слуцкае Евангелле (у ліку трох рэчаў з манастыра) экспанавалася на Маскоўскай археалагічнай выстаўцы, дзе на яго звярнулі ўвагу знаўцы гістарычных старажытнасцей.
Наступныя звесткі пра яго датуюцца 1914 г. У дакументах з Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў Санкт-Пецярбургу, што датычацца вывазу з Беларусі царкоўных каштоўнасцей у Расію ў час ваенных дзеянняў Першай сусветнай вайны, утрымліваюцца вытрымкі са справаздачы епіскапа Мінскага і Тураўскага Мітрафана аб стане Мінскай епархіі за 1914 г. са звесткамі аб святынях Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра, у тым ліку – Евангелля Юрыя Алелькавіча.
Пасля рэвалюцыі 1917 г. Слуцкае Евангелле трапіла ў Мінскі дзяржаўны музей і да канца 20-х гг. знаходзілася ў яго фондах. Пазней яно было перададзена на захаванне Беларускаму дзяржаўнаму музею ў Магілёве, дзе яно і знаходзілася да 1941 г.
У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Слуцкае Евангелле разам з іншымі экспанатамі музея было згублена. У “Списке разграбленных немецкими оккупантами ценностей, хранившихся в Могилевском государственном историческом музее до Великой Отечественной войны”, які быў складзены па памяці былымі супрацоўнікамі музея, запісана: “До 20 Евангелий с окладами работы белорусских мастеров XVI-XVIII вв., из них одно, написанное от руки князем Олельковичем”.
Увесь гэты час Евангелле знаходзілася на тэрыторыі Беларусі, а ў 1990-х гг. было падаравана святару мінскай прыхаджанкай. У 2002 годзе перададзена ў Беларускі экзархат, дзе захоўваецца ў дамавым храме ў гонар Сабора беларускіх святых.
У кнізе памерам 38,8 см х 25,2 см маецца 256 старонак. Напісана Евангелле царкоўнаславянскай мовай, уставам у 2 калонкі па 20 радкоў карычневымі чарніламі з выкарыстаннем кінавары і золата. Ёсць каляровыя застаўкі. Пераплёт XIX стагоддзя з кардону ў малінавым бархаце, ёсць аклад. На першай старонцы - запіс княжацкага спавядальніка пратапопа Малафея пра тое, што гэтую кнігу запісаў князь Юрый Алелькавіч.
У 2009 г. Выдавецтва Беларускага экзархата падрыхтавала і выпусціла факсімільнае выданне Слуцкага Евангелля, якое з’яўляецца практычна дакладнай копіяй рукапіснага помніка. Па ўзроўні выканання выданне не мае аналагаў у Беларусі. За выданне Слуцкага Евангелля і духоўна-асветніцкую дзейнасць Выдавецтва Беларускага экзархата ўдастоена прэміі “За духоўнае адраджэнне” Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама вышэйшых узнагарод у галіне кнігавыдавецтва Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі – 2010” і Міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі – 2010” краін – удзельніц СНД у Маскве.


































