
Выстава "Плакат Мікалая Драненкі"
- Details
- Created on Wednesday, 17 January 2007 09:36
У 16.00 у бібліятэцы адбылося адкрыццё выставы "Плакат Мікалая Драненкі".
Мікалай Драненка нарадзіўся 3 жніўня 1946 г. ў в. Маргойцы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута (1969).
У розныя гады працаваў мастаком у Віцебскім аўтамотаклубе ДТСААФ (1969-1977), Віцебскіх мастацка-вытворчых майстэрнях Мастацкага Фонду БССР (з 1977), дзе займаў пасаду галоўнага мастака (1979 - 1982), кіраўніком творчай майстэрні СМ РБ ( з 1991), старшыней Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага Саюза мастакоў (2004). Сябра Саюза Мастакоў з 1989 г.
Плакаты і каталогі, выкананыя Мікалаем Драненка, гэта не толькі яскравыя сведкі мастацкіх падзей мінулага стагоддзя, але і своеасаблівыя мастацкія дакументы, артэфакты свайго часу.
Першыя вопыты ў галіне плаката, набытыя мастаком у пачатку 1970-х пад час працы ў Віцебскім аўтамотаклубе ДТСААФ, мелі плённы працяг у 1980 - 90-я гады. А засвоеная М. Дранека тэхніка шоўкаграфіі дапамагла яму ўвасобіць у плакаце шэраг арыгінальных для таго часу творчых ідэй. Адносная тэхналагічная прастата і хуткасць выканання, магчымасць эксперыментаў асабліва прыцягвалі ўвагу мастака.
Рэкламныя плакаты тэматычных і персанапьных выстаў віцебскіх мастакоў звычайна друкаваліся М. Драненка невялікім тыражом (да 100 адбіткаў). Большасць з іх паспяхова выканала сваю камунікатыўную функцыю і згінула ў віхуры гістарычнага мінулага. Тыя экзэмпляры, што змешчаны ў экспазіцыі, безумоўна, рарытэтыя. Некаторыя з іх выкананы ў тэхніцы шоўкаграфіі, уручную, іншыя - надрукаваны афсетным спосабам у друкарні.
Знешняя лаканічнасць, дэкаратыўная стрыманасць і роўнавага форм не могуць схаваць уласцівага мастаку імкнення да дынамікі і экспрэсіі. Да і ўвогуле, стыль Мікалая Драненкі ў плакаце пазнаваемы, паколькі нясе ў сабе агульльныя рысы яго графічных эксперыментаў.
Захапленне М. Драненкі тыражнай графікай было шчыльна звязана і з працай над мастацкім афармленнем буклетаў і каталогаў. Зроблена больш за паўсотню падобных выданняў. У большасці з іх М. Драненка даводзілася выступаць у якасці куратара, аўтара-складальніка і выканаўцы ўсіх відаў дадрукарскай падрыхтоўкі. Сённня гэтыя каталогі ўжо гісторыя. Яны даносяць да нас інфармацыю аб творцах і падзеях з мастацкага жыцця Віцебска мінулых дзесяцігоддзяў. А мастацкае аздабленне гэтых выданняў мае магчымасць адчуць танальнасць эпохі, для якой плакат быў адным з важных накірункаў развіцця мастацтва.
Міхась Цыбульскі,
кандыдат мастацтвазнаўства



































