
Персональная выставка Вячеслава Шамшура
- Details
- Created on Thursday, 15 March 2007 09:27
В 16.00 в фойе библиотеки состоялось открытие персональной выставки Вячеслава Шамшура, члена Союза художников БССР, профессора Витебского государственного университета им. П. М. Машерова.
Вячаслаў Шамшур нарадзіўся 20 жніўня 1942 г. у в.Пціцкія Міёрскага раёна Віцебскай вобласці. Скончыў Міёрскую сярэднюю вячэрнюю школу працоўнай моладзі. Вучыўся на мастацка-графічным факультэце Віцебскага педінстытута. Яго настаўнікамі былі Р.Клікушын, І.Сталяроў, А.Гаўрушка. Скончыў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Займаўся графікай ў вячэрняй мастацкай студыі заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Я.Красоўскага.
Кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар, член Беларускага саюза мастакоў. Адзін з аўтараў "Гісторыі мастацтва Беларусі", аўтар манаграфій, шэрагу вучэбных і метадычных дапаможнікаў, шматлікіх навуковых артыкулаў па гісторыі беларускага выяўленчага і дэкаратыўнага мастацтва. Адзначаны спецыяльным прызам Полацка-Віцебскай епархіі за лепшыя мастацкія творы, прысвечаныя духоўнаму адраджэнню асобы.
Стварыў серыі графічных работ "Дарога на Міёры", "Віцебск і Віцебшчына", многа асобных твораў у тэхніцы пастэлі і лінарыту. Удзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх выставах. Асобнае месца ў творчасці мастака займае яго родная Міёршчына. Працуе ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава.
Кожны раз сустракаючыся на выставах з кампазіцыямі Вячаслава Шамшура пераконваешся ў тым, што гэта адзін з нямногіх сучасных мастакоў, які літаральна «знайшоў сябе» ў пастэлі. Тэхніка пастэлі, якая была асабліва папулярнай у XVIII, другой палове XIX стагоддзя, і часцей за ўсё выкарыстоўвалася мастакамі для перадачы дакладнага падабенства з натурай, у творчасці Вячаслава Шамшура набыла новае гучанне, жывапісную дэкаратыўнасць і падкрэсленую дынаміку. Адмовіўшыся ад растушоўкі, як ад асноўнага тэхнічнага прыёма з дапамогай якога звычайна перадаваліся тонкія пераходы колера і тона, Вячаслаў Шамшур аддаў перавагу выразнаму штрыху і акрэсленай каляровай пляме.
У экспазіцыях мастацкіх выстаў творы Вячаслава Шамшура з'явіліся ў сярэдзіне 80-х. Менавіта тады, пасля паспяховай абароны кандыдацкай дысертацыі ў галіне мастацтвазнаўства В.Шамшур адчуў асаблівую цягу да практычнай мастацкай дзейнасці. Творчасць, эксперыменты ў галіне графічных тэхнік моцна захапілі мастака. Вячаслаў Шамшур пачынаў з лінарытаў і на працягу некалькіх год выдатна засвоіў гэтую тэхніку. Ужо ў лінарытах мастак прадэманстраваў свае лепшыя якасці графіка і майстра кампазіцыі. Вячаслаў Шамшур здолеў надаць паэтычны характар па сутнасці плакатнай тэхніцы. 3 гэтай мэтай ён абірае даволі спецыфічныя матывы для адлюстравання, выкарыстоўвае нязвыклыя ракурсы, элементы стаффажа, якія «ажыўляюць» прастору краявіда, надаюць вобразнасці рысы сюжэтнасці і апавядальнасці. Акрамя таго мастак спрабуе вырашаць у лінарыце не ўласцівыя для гэтай тэхнікі задачы: удала перадае штрыхом не толькі глыбіню прасторы, але нават стан паветра і фактуру аб'ектаў.
У кампазіцыях выкананых у тэхніцы пастэлі, як і ў лінарытах, Вячаслава Шамшура асабліва прыцягваюць і захапляюць пейзажныя матывы, адлюстраванне прыроды. Напэўна ў гэтай рэальнай навакольнай прасторы і адпавядаючай ёй прасторы вобразна-мастацкай ён адчувае сябе асабліва вольна. Пейзажы Шамшура - гэта своеасаблівыя паэтычныя апавяданні аб сучаснасці і гістарычным лёсе роднага яму края. Зямля, якую з такой закаханасцю піша Шамшур для яго тоесна злучана з радаводам. Таму не выпадкова першую персанальную выставу, якая адбылася ў 1991 годзе на радзіме мастака, ён прысвяціў сваёй маці. Прыкметна, што ў тым жа годзе працы Шамшура былі адзначаны Полацка-Віцебскай епархіяй, як «лепшыя творы ў рэчышчы духоўна-маральнага Адраджэння».
На фоне складаных філасофскіх канцэпцый сучаснага мастацтва вызначэнне асноўнай асаблівасці ў творчасці Вячаслава Шамшура словам «шчырасць» на першы погляд можа падацца неактуальным. Але менавіта гэтым, надзвычай аб'ёмным па сваёй вобразна-мастацкай сутнасці паняццем варта было б адзначыць творчасць віцебскага мастака. У працах Вячаслава Шамшура шчырасць, зусім не асацыіруецца са спрошчанасцю, ці прымітыўнасцю. Шчырасць у творчасці мастака гэта ў першую чаргу Адкрытасць. Адкрытасць яго асобы, пачуццяў і думак. Гэта сардэчнасць і душэўнасць, даступнасць і зразумеласць выказваемага ім у ствараемых вобразах.
Шчырасць у творчасці Вячаслава Шамшура праяўляецца таксама ў вернасці пэўным ідэалам у мастацтве, адсутнасці баязлівасці непаразумення з боку «найсучаснейшага авангарда». Мастак не імкнецца ўгнацца за бясконца зменлівай сучаснасцю, свядома дыстанцыруецца ад шматлікіх новамодных тэндэнцый у мастацтве, паколькі не лічыць жаданне як мага вычварней заявіць аб сабе вышэйшай праявай арыгінальнасці. А таму працягвае вольна адлюстроўваць свае пачуцці і хваляванні, выкліканыя навакольнай прыгажосцю. Менавіта ў такой пазбаўленай прытворства штодзённай карпатлівай працы, прафесійнай стараннасці Вячаслава Шамшура таксама праяўляецца шчырасць яго творчасці.
Міхась Цыбульскі





































