ФотаКрок, Міжнародны фестываль фатаграфіі імя С. Юркоўскага. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 01.11.2021 12:00
- Адноўлена 16.01.2023 10:09
Міжнародны фестываль фатаграфіі «ФотаКрок» імя С. Юркоўскага аб'ядноўвае нацыянальных і замежных фотааматараў у самым творчым месцы Рэспублікі Беларусь – горадзе Віцебску, які стаў радзімай фотафестывалю невыпадкова. У горадзе ў другой палове XIX ст. тварыў Сігізмунд Юркоўскі, які ўпершыню ў свеце прапанаваў выкарыстоўваць у фотаапаратах шторна-шчылінную засоўку. Гэта вынаходства стала штуршком для развіцця фотатэхнікі, таксама і сучасных лічбавых фотаапаратаў. Сёння віцебскі «ФотаКрок» носіць імя праслаўленага фатографа і вынаходніка. Праводзіцца з 2016 года.
Арганізатар фотафэсту – Віцебскі фонд фатаграфіі «Фотакрок» у супрацоўніцтве з Віцебскім цэнтрам сучаснага мастацтва і пры падтрымцы аддзела культуры Віцебскага гарвыканкама. Расійскі партнёр фестывалю – АНА «Культурны праект "РУС прэс Фота"» (Масква).
Асноўныя мэты фестывалю – паказваць аўдыторыі высокі ўзровень фатаграфічнай культуры з дапамогай арганізацыі шэрагу фатаграфічных выстаў высокага класа як класікаў фотамастацтва, так і лепшых сучасных фотааматараў на конкурснай аснове; праводзіць адукацыйныя майстар-класы, лекцыі, сеансы для павышэння фотамайстэрства сярод фотааматараў.
У конкурснай праграме фестывалю ўдзельнічае каля 230 чалавек. Гэта ўдзельнікі з Азербайджана, Беларусі, Індыі, Іспаніі, Казахстана, Расіі, ЗША, Узбекістана, Украіны, што пацвярждае міжнародны статус фестывалю «ФотаКрок».
У 2021 годзе ў рамках фестывалю была арганізавана выстава «ФотаКрок па Віцебску», на якой прадстаўлены лепшыя работы ўдзельнікаў пра Віцебск за апошнія 5 гадоў. Фатографы выкарыстоўвалі горад як фактуру для стварэння сваіх творчых работ. Адабраныя для выставы сюжэты напоўнены не проста відамі, а перш за ўсё вобразамі горада, прыгажосцю і эмоцыямі гараджан.
У рамках фестывалю існуе таксама выставачны спецпраект «Віцебская сцяна», з 2021 года ён выйшаў на самы шырокі ўзровень. Кожны аўтар – фатограф ці мастак, які працуе ў тэхніцы фатаграфіі, можа прыехаць на фестываль і прадставіць у галерэі Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва сваю творчасць.
ЛІТАРАТУРА
1. «...Крок» Юркоўскі // Культура. – 2016. – 11 чэрв. – С. 3.
СПАСЫЛКІ
Міжнародны фестываль фатаграфіі «ФотаКрок» імя С. Юркоўскага