Дняпроўскія галасы ў Дуброўне, Міжнародны фестываль песні і музыкі. Дуброўна, г.
- Подробности
- Створана 26.01.2023 10:37
- Адноўлена 26.01.2023 10:37
3 1993 г. у Дуброўне праводзіцца фестываль песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне», які пачынаўся ў дзень святкавання 600-годдзя г. Дуброўна як абласны музычна-песенны агляд.
Больш чым за чвэрць стагоддзя свайго існавання агляд стаў спачатку рэгіянальным, а ў 2004 годзе – міжнародным.
Месца правядзення фестывалю абрана не выпадкова. Дубровеншчыну называюць «усходнім узбярэжжам Беларусі», а Днепр – асноўная водная артэрыя, што бярэ пачатак у Расіі і нясе свае воды праз Беларусь ва Украіну.
Першапачатковая ідэя фестывалю – творчае супрацоўніцтва краін, абласцей і раёнаў, размешчаных уздоўж ракі Днепр. Традыцыйна ў ім прымалі ўдзел творчыя калектывы Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі, Чарнігаўскай вобласці Украіны і Смаленскай вобласці Расіі.
У 2004 годзе арганізатары фэсту вырашылі пашырыць яго межы. Свята народнай песні і музыкі шырока разгарнула свае абдымкі, стала добра вядомым для прафесійных і аматарскіх творчых калектываў не толькі Расіі, Беларусі і Украіны, але і Літвы, Латвіі, Эстоніі. Удзел у фестывалі таксама прымалі творчыя калектывы з Польшчы, Славакіі, Малдовы, Сербіі, Румыніі, Турцыі, Індыі, Даніі.
Асноўная ідэя фестывалю – яднанне славянскіх народаў, сяброўства суседніх краін, захаванне самабытнай нацыянальнай культуры.
Фестываль дазваляе калектывам не толькі паказаць сваю творчасць, але і павучыцца ў сапраўдных прафесіяналаў – Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча – пастаяннага ўдзельніка фестывалю, які надае фестывалю высокі мастацкі ўзровень.
Сімвалам фестывалю «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» з'яўляецца птушка салавей. Выява птушкі ўпрыгожвае лагатып фестывалю і фестывальны знак. Керамічнай скульптурай салаўя ўзнагароджваюцца лаўрэаты фестывалю «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне».
Месцам правядзення фестывалю з'яўляюцца ўстановы культуры, сцэнічныя пляцоўкі горада Дуброўна і Дубровенскага раёна.
У рамках фестывалю праводзяцца канцэртныя і конкурсныя выступленні калектываў мастацкай творчасці, парад удзельнікаў фестывалю, тэатралізаваныя прадстаўленні і арганізаваныя масавыя гулянні, святы музыкі, выставы-кірмашы работ майстроў розных відаў народнага мастацтва, народных промыслаў (рамёстваў), майстар-класаў, творчых лабараторый, навукова-практычных канферэнцый па пытаннях развіцця народнай творчасці, семінары-практыкумы для кіраўнікоў аматарскіх калектываў мастацкай творчасці.
У рамках Міжнароднага фестывалю песні і музыкі «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» праводзяцца выстава-конкурс «Лялька «Дубравушка» па стварэнні лялек у нацыянальных традыцыйных строях, фотаконкурс «Тут Радзімы маёй пачатак», удзельнікі раённага агляду-конкурсу спаборнічаюць на лепшы панадворак гаспадарак раёна «Дубровеншчына гасцінная».
Традыцыйна ўдзельнікі фестывалю прымаюць удзел у мітынгу-рэквіеме, аддаючы даніну памяці загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны.
Кожны год для ўдзелу ў праекце «Дыван сяброўства» калектывы-ўдзельнікі прывозяць са сваёй радзімы маленькія кавалачкі дываноў, на якіх прадстаўлена краіна пражывання. Потым з гэтых маленькіх работ сшываецца вялікі дыван сяброўства, які ўпрыгожвае фестываль на выставе, а ў далейшым захоўваецца ў фондах гісторыка-краязнаўчага музея.
Апафеоз свята з года ў год – тэатралізаванае шэсце самадзейных калектываў, салістаў, ганаровых гасцей і жыхароў па цэнтральнай вуліцы Дуброўна.
Афіцыйнае закрыццё і цырымонію ўзнагароджання калектываў, удзельнікаў конкурснага праекта «Лялька «Дубравушка», традыцыйна працягвае канцэрт артыстаў эстрады Рэспублікі Беларусь, відовішчны феерверк і начная дыскатэка.
Арганізатарамі фестывалю з'яўляюцца: Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Дубровенскі раённы выканаўчы камітэт.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах сайта https://dubrovno.vitebsk-region.gov.by.
ЛІТАРАТУРА
1. Бренды родного края. Дубровенский район / отв. за вып. Ольга Лебедева // Витебские вести. – 2021. – 25 февр. – С. 12–13.
2. Гурская, Я. Лейся, песня, над Днепром! / Яна Гурская // Віцьбічы = Витьбичи. – 2022. – 30 июня. – С. ІІ. – (Прил.: Вечерний Витебск).
3. Дняпроўскія галасы ў Дуброўне : [буклет]. – [Новополоцк] : О. В. Молодечкин, 2012. – 38 с.
4. Дняпроўскія галасы ў Дуброўне // Фестывалі ад А да Я : фестывальны аматарскі рух Беларусі / склад.: Т. М. Яскевіч, Р. І. Вайцяхоўская. – Мінск : ІВЦ Мінфіна, 2020. – С. 122–125.
5. Карсакова, А. З любоўю да сваіх каранёў / Алена Карсакова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2021. – 30 чэрв. – С. 3.
6. Лабуко, Е. П. «Дняпроўскія галасы ў Дуброўне» / Е. П. Лабуко // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 365–366.
7. Лебедева, О. Объединяя страны и народы / Ольга Лебедева // Витебские вести. – 2021. – 29 июня. – С. 4.
8. Рагін, Я. На трох вялікіх і мудрых кітах / Яўген Рагін // Культура. – 2022. – 5 сак. – С. 11.
9. Сахарова, Ю. Наш фестиваль / Юлия Сахарова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2022. – 1 чэрв. – С. 4.
10. Яркий символ фестиваля / подгот. Светлана Шурпакова [и др.] // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2021. – 26 чэрв. – С. 8.