Яблычны Спас, фестываль абласны. Шаркаўшчынскі раён, Алашкі, в.
- Подробности
- Створана 12.11.2018 12:23
- Адноўлена 23.01.2023 09:58
Больш за 20 гадоў у жніўні ў в. Алашкі Шаркаўшчынскага раёна праводзіцца абласное свята, прысвечанае вядомай асобе – садоўніку-селекцыянеру І. П. Сікору, які адзін з першых у Еўропе распрацаваў метады лячэння і амаладжэння пладовых дрэў. Ён вывеў гатунак яблыкаў з павышанай марозаўстойлівасцю, адзін з лепшых па смакавых якасцях сярод беларускіх гатункаў яблыкаў, якому далі назву «Памяць Сікоры».
Фестываль праводзіцца з мэтай ушанавання памяці знакамітага земляка І. П. Сікоры, захавання культурнай спадчыны Шаркаўшчынскага раёна, развіцця сувязяў паміж рознымі творчымі калектывамі, а таксама паміж аматарамі садаводства, кветкаводства і пчалярства, далучэння насельніцтва да нацыянальных традыцый і духоўнай спадчыны, садзейнічання пазнавальнай актыўнасці насельніцтва ў галіне мастацтва, культуры быту, экалогіі.
Маштабнасць свята з кожным годам расце. У апошнія 5 гадоў яно перарасло ў інтэрактыўны фестываль. Мерапрыемства ўмяшчае ў сябе некалькі сфер турызму: рэлігійнага, бо фестываль праводзіцца ў даты праваслаўных свят (Мядовы, Яблычны і Арэхавы Спасы); гісторыка-культурнага – частка мерапрыемстваў прысвечана гістарычнай асобе – садоўніку І. П. Сікору; экалагічнага – усе мерапрыемствы праходзяць у яблыневым садзе, у вёсцы.
Фестываль насычаны пляцоўкамі з актыўнымі заняткамі для розных узроставых катэгорый. На тэрыторыі свята можна паспрабаваць і купіць прадукцыю з яблыкаў, мёд, сувеніры і многае іншае, а таксама паўдзельнічаць у майстар-класах і квэсце па гісторыі малой Радзімы.
Пра мерапрыемства станоўча пішуць СМІ. Распрацаваны турыстычны брэнд, звязаны з фестывалем – на лагатыпе брэнда намаляваны яблык.
На свята прыязджаюць турысты з Латвіі, Літвы, Расіі.
У 2016–2017 гг. свята было ўключана ў фестываль інтэрнацыянальнага сяброўства «Беларускае лета» у рамках міжнародных спаборніцтваў па ўсходнім адзінаборстве Спачан (бітва на мячах) як турыстычны прадукт, які ўяўляе частку нацыянальнай культуры Рэспублікі Беларусь.
Самым маштабным фестываль быў у 2017 годзе, калі ўдзел у ім прынялі творчыя калектывы і рамеснікі з Латвіі, Літвы, Расіі, беларускія і латышскія консулы, міністр культуры і кіраўнікі абласнога ўпраўлення, прадстаўнікі Міністэрства спорту і турызму, кіравання, прадстаўнікі турфірмаў.
У 2014 годзе фестываль «Яблычны Спас» быў прызнаны лепшым іміджавым мерапрыемствам у сферы падзейнага турызму.
ЛІТАРАТУРА
1. Бандаронак, І. Светлы Яблычны Спас – Сікораўскай душы часцінка / І. Бандаронак // Клiч Радзiмы (Шаркаўшчына). – 2004. – 1 верас. – С. 2.
2. Берніковіч, Д. Шыкоўнае свята ў алашкаўскім садзе / Д. Берніковіч // Витебские вести. – 2018. – 21 авг. – С. 5.
3. Евгеньева, Е. Сикоровской души частица / Е. Евгеньева, Н. Писаренко // Віцьбічы = Витьбичи. – 2013. – 20 авг. – С. 1–2.
4. Захараў, А. Яблыкі, яшчэ раз яблыкі... / А. Захараў // Беларусь. – 2017. – № 10. – С. 36–37.
5. Лупач, З. У Глыбокім – вішня, у Малых Алашках – яблык / З. Лупач // Вольнае Глыбокае. – 2013. – 22 жн. – С. 6.
6. Райчонак, С. Зноў паклікаў усіх нас у сад Сікоры светлы Спас / С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2013. – 24 жн. – С. 2.
7. Райчонак, С. Памяць пра Сікору жыве, або Яблыневы сад не прыйшоў у заняпад / С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2018. – 18 жн. – С. 2–3.
8. Райчонак, С. «Яблычны спас – 2019»: свята, якое яднае сэрцы і душы людзей / С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2019. – 21 жн. – С. 1, 3.
9. Райчонак, С. Яблычны Спас у Алашках – свята з традыцыямі / С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2017. – 19 жн. – С. 1, 3.
10. Райчонак, С. «Яблычны фэст» на радзіме Сікоры / С. Райчонак // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2015. – 22 жн. – С. 1.
11. Сауліч, У. Прыйшоў Спас – і лета ад нас / У. Сауліч // Віцебскі рабочы. – 2012. – 23 жн. – С. 15.
12. Сауліч, У. «Светлы Яблычны Спас – Сікораўскай душы часцінка» / У. Сауліч // Белорусская нива. – 2013. – 20 авг. – С. 5.
13. Сауліч, У. Яшчэ сікораўскія прышчэпы / У. Сауліч // Сельская газета. – 2019. – 20 авг. – С. 1, 12.
14. Сосна, К. Яблычны Спас у Малых Алашках / К. Сосна // Кліч Радзімы (Шаркаўшчына). – 2009. – 9 верас. – С. 3.