Калектыў народны тэатральны «Сваякі». Пастаўскі раён, в. Камаі
- Подробности
- Створана 12.11.2018 12:23
- Адноўлена 28.02.2019 14:06
Жыхары в. Камаі – людзі розных прафесій, захопленыя тэатральным мастацтвам, магчымасцямі цікавых пераўвасабленняў і акцёрскага ўзаемадзеяння, прыйшлі ў драматычны гурток, які вырас у народны аматарскі тэатральны калектыў «Сваякі» пры Камайскім сельскім Доме культуры. У аснове яго рэпертуару – творы беларускай нацыянальнай драматургіі, прысвечаныя жыццёвым перыпетыям людзей вёскі, дзе на фоне камедыйных калізій выяўляюцца глыбокія перажыванні герояў, іх памкненні і маральны выбар. Кіраўнік тэатра Галіна Бразюль, якая валодае таксама і літаратурным талентам, умела адаптуе абраны матэрыял для свайго калектыву і сельскай сцэны. Пастаноўкі «Зязюлькі» С. Бэнь, «Конскі партрэт» Л. Радзевіча, «Грэшная любоў» А. Дзялендыка, «Заручыны Паўлінкі» Ф. Аляхновіча, «Дзед Лукаш і кірмаш» В. Шырко, «Ну, мужыкі!» Г. Бразюль убачылі не толькі аднасяльчане, але і іншыя гледачы. «Сваякі» ўзнагароджваліся дыпломамі абласных тэатральных конкурсаў «За лепшы акцёрскі ансамбль», «За лепшую жаночую ролю». А за спектакль па п'есах А. Макаёнка «Добра ўсё, што добра канчаецца» самадзейныя артысты з Пастаўшчыны сталі пераможцамі абласнога смотру-конкурсу маладзёжных аматарскіх тэатраў. За дасягнутыя творчыя поспехі ў 2014 г. калектыву было прысвоена званне «народны».
ЛІТАРАТУРА
1. Валуевіч, І. «Сваякі» з Камаяў / І. Валуевіч // Культура. – 2014. – 15 сак. – С. 11.
2. Марозава, С. Па-беларуску, з народным гумарам / С. Марозава // Пастаўскі край. – 2018. – 23 мая. – С. 5.
3. Народный театральный коллектив «Сваякі» Камайскага сельскага Дома культуры // Культурная палитра Поставщины / авт.-сост. Л. Четович. – Поставы : Поставская типография, [20--?]. – С. 61.
4. Чатовіч, Л. Камайскія «Сваякі» – лепшыя / Л. Чатовіч // Пастаўскі край. – 2013. – 10 крас. – С. 3.