Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Амбросенка Аляксей Пятровіч

Дата нараджэння
01.05.1925
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Гарадоцкі раён, в. Марчанкі
Дата смерці
17.06.1994
Род дзейнасці
будаўнік-кранаўшчык
Спецыялізацыя
чыгуначны транспарт
Узнагароды і прэміі
Герой Сацыялістычнай Працы (1961)
ордэн Леніна
Ганаровая грамата Вярхоўнага Савета Казахскай ССР

Амбросенка Аляксей Пятровіч нарадзіўся 1 мая 1925 года ў в. Марчанкі Гарадоцкага раёна ў сялянскай сям'і.

У 1941 годзе паступіў у чыгуначную школу фабрычна-заводскага вучнёўства ў г. Лепель. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, разам са школай быў эвакуіраваны ў тыл. Ужо ў ліпені 1941 года Аляксея Пятровіча накіравалі рабочым пуцеўкладачнага цягніка; праз два гады, скончыўшы курсы, ён атрымаў спецыяльнасць «машыніст пуцеўкладачнага крана». У ваенныя і першыя пасляваенныя гады працаваў на аднаўленні чыгунак, разбураных ворагам. А. П. Амбросенка прымаў удзел у будаўніцтве чыгункі ў прыфрантавой паласе, у тым ліку пад Сталінградам і Наварасійскам.

Пасля вайны працягваў працаваць на пракладцы чыгуначных магістраляў (Сібір, Крым, Паўночны Каўказ, Урал). Працаваў машыністам пуцеўкладачнага крана, шафёрам, потым участковым механікам будаўніча-мантажных цягнікоў.

У 1956 годзе ў складзе будаўніча-мантажнага цягніка Аляксей Амбросенка прыбыў у Казахскую ССР на будаўніцтва чыгункі Актагай – Дзяржаўная мяжа (тэрыторыя Сяміпалацінскай і Талды-Курганскай абласцей). За кароткія тэрміны брыгада А. П. Амбросенкі дасягнула высокіх вытворчых поспехаў на будаўніцтве ўчастка Актагай – Дружба (зараз Актагай – Достык). Ужо ў 1959 годзе на гэтым участку пачалі хадзіць цягнікі.

У 1959 годзе Аляксей Пятровіч перайшоў працаваць на адсталы ўчастак вытворчасці машыністам каменедрабільнага агрэгата на будаўніча-мантажны цягнік № 137. На гэтай нялёгкай працы ён праявіў сябе не толькі перадавіком, але і ўмелым арганізатарам.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 красавіка 1961 года за высокія вытворчыя поспехі, дасягнутыя на будаўніцтве чыгуначнай лініі Актагай – Дружба, Аляксею Пятровічу было прысвоена званне «Герой Сацыялістычнай Працы».

У 1961 годзе Аляксей Пятровіч перайшоў працаваць кранаўшчыком ва ўпраўленне будаўніцтва № 99 Мінтрансбуда з дыслакацыяй на станцыі Макат Гур'еўскай вобласці Казахскай ССР. Прымаў актыўны ўдзел у будаўніцтве чыгуначнай лініі Макат – Мангышлак.

У 1977 годзе Аляксей Амбросенка вярнуўся ў Гарадоцкі раён. Уладкаваўся аўтамеханікам у рамонтную майстэрню калгаса імя Кутузава (зараз не існуе) у роднай в. Марчанкі. Адначасова быў абраны намеснікам сакратара партарганізацыі і старшынёй групы народнага кантролю калгаса. Працаваў у калгасе да выхаду на заслужаны адпачынак.

Таксама абіраўся членам Макатскага райкама і Гур'еўскага абкама Кампартыі Казахстана, Гарадоцкага райкама Кампартыі Беларусі. Дэлегат XII з'езда Кампартыі Казахстана (1965).

Узнагароджаны ордэнам Леніна, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Казахскай ССР, медалямі.

Памёр Аляксей Пятровіч 17 чэрвеня 1994 года.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Амбросенка Аляксей Пятровіч // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. –С. 691.

2. Амбросенко Алексей Петрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 15–16.

3. Амбросенко Алексей Петрович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 195.

4. Амбросенко Алексей Петрович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник / сост.: И. Н. Кулан, В. И. Козак, Е. Е. Соколов ; под общ. ред. А. Н. Новикова. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – С. 30–31.

5. Рыклин, Е. Прямая магистраль / Е. Рыклин // Знаменосцы трудовой славы / сост.: Г. С. Гужва [и др] ; рец. Б. В. Стрельцов. – Минск : Беларусь, 1984. – С. 7–10.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Амбросенко Алексей Петрович