Анібраева Марыя Васільеўна
Анібраева Марыя Васільеўна нарадзілася 31 мая 1933 года ў Віцебску ў сям'і рабочага.
У 1950 годзе Марыя Васільеўна скончыла сем класаў сярэдняй школы № 13 і прыйшла працаваць на фабрыку «Сцяг індустрыялізацыі», з якой звязала сваю працоўную біяграфію.
Пачынала вучаніцай на канвееры па пашыве мужчынскага верхняга адзення. З 1954 па 1958 гг. – інструктар вытворчага навучання, потым – майстар. Марыя Васільеўна ў дасканаласці асвоіла пашыў усяго асартыменту прадукцыі, якая выпускалася цэхам. Ужо ў перыяд 8-й пяцігодкі (1966–1970) яна з поспехам сумяшчала 1,5, а потым і 2 аперацыі. Адной з першых ёй было прысвоена ганаровае званне «Ударнік камуністычнай працы», а яе працоўны подзвіг быў адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
У гады 9-й пяцігодкі (1971–1975) М. В. Анібраева была адным з ініцыятараў руху віцебскіх наватараў за высокую прадукцыйнасць працы, за датэрміновае завяршэнне планавых заданняў. Яна завяршыла асабістае заданне пяцігодкі за 3,5 гады, выканаўшы яго датэрмінова – 22 лютага 1973 года. За поспехі ў выкананні і перавыкананні плана 1973 года і прынятых сацыялістычных абавязкаў Анібраева Марыя Васільеўна была ўзнагароджана ордэнам Леніна.
Найбольш высокіх паказчыкаў М. В. Анібраева дасягнула ў перыяд 10-й пяцігодкі, калі выканала 10 гадавых заданняў пры выдатнай якасці працы (99,6 %). Усю прадукцыю яна здала з першага прад'яўлення, а заданні асабістай пяцігодкі выканала да мая 1978 года. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 12 мая 1977 года за выдатныя поспехі ў выкананні плана на 1976 год, дасягненне найвышэйшай у галіне вытворчасці працы, асабісты ўклад у павелічэнне выпуску высакаякасных тавараў народнага спажывання, вялікую творчую працу па камуністычным выхаванні і прафесійнай падрыхтоўцы маладых рабочых Анібраевай Марыі Васільеўне было прысвоена званне «Герой Сацыялістычнай Працы» з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і Молат».
Велізарны вопыт работніка вытворчасці дапамаглі ёй гэтак жа ўдарна завяршыць 11-ю пяцігодку (1981–1985). На працягу 12-й пяцігодкі (1986–1990) М. В. Анібраева ўнесла не менш важкі ўклад у агульныя дасягненні шматтысячнага калектыву роднай фабрыкі і была ўдастоена чарговага знака «Ударнік пяцігодкі». У 1994 годзе выйшла на заслужаны адпачынак.
Абіралася членам Кастрычніцкага раёна г. Віцебска райкама Кампартыі Беларусі, членам бюро першаснай партыйнай арганізацыі цэха, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР 10-га склікання (1980–1985; член Прэзідыума), Віцебскага гарадскога і Кастрычніцкага раённага саветаў дэпутатаў працоўных, прафгрупаргам, членам цэхавага і фабрычнага камітэтаў, абласнога савета прафсаюзаў, Беларускага рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў лёгкай прамысловасці.
Узнагароджана ордэнамі Леніна (2), Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі, у тым ліку сярэбраным медалем ВДНГ СССР. Адзначана граматай Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровай граматай віцебскіх абкама КПБ і аблвыканкама, Ганаровай граматай Віцебскага аблвыканкама і іншымі, а таксама нагруднымі знакамі: «Выдатнік лёгкай прамысловасці», «Маладому гвардзейцу пяцігодкі». Заслужаны работнік лёгкай прамысловасці.
Жыве ў Віцебску.
ЛІТАРАТУРА
1. Анібраева, М. Паўтары сябе ў вучнях / М. Анібраева // Віцебскі рабочы. – 1978. – 2 лістап. – С. 4.
2. Анібраева, М. Так разумею шчасце / М. Анібраева // Віцебскі рабочы. – 1975. – 10 мая. – С. 4.
3. Анибраева Мария Васильевна // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 197.
4. Анибраева Мария Васильевна // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник / сост.: И. Н. Кулан, В. И. Козак, Е. Е. Соколов ; под общ. ред. А. Н. Новикова. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – С. 32.
5. Анибраева Мария Васильевна // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 18.
6. Анібраева Марыя Васільеўна // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 483.
7. Буткевич, С. Наследие / С. Буткевич // Знаменосцы трудовой славы / сост.: Г. С. Гужва [и др] ; рец. Б. В. Стрельцов. – Минск : Беларусь, 1984. – С. 11–14.
8. Новатор держит слово // Советская Белоруссия. – 1978. – 28 мая. – С. 1.
9. Сверкунов, С. Такая выбрана судьба / С. Сверкунов // Советская Белоруссия. – 1980. – 1 янв. – С. 2.
10. Тарасевіч, В. Вышыні Марыі Анібраевай / В. Тарасевіч // Звязда. – 1975. – 23 снеж. – С. 1.
11. Фондаренко, Н. Гвардеец пятилеток / Н. Фондаренко // Віцебскі рабочы. – 2013. – 30 крас. – С. 1–2.
12. Шаірка, С. Наватар заўсёды ў працы / С. Шаірка // Звязда. – 1975. – 2 лістап. – С. 2.
СПАСЫЛКІ