Клімёнак Максім Аляксандравіч
Клімёнак Максім Аляксандравіч нарадзіўся 15 мая 1902 года ў в. Ніжнія Жары Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. У маі 1924 г. быў прызваны на службу ў Чырвоную Армію. Пасля звальнення ў запас вярнуўся ў родную вёску. У 1928 г. выбраны старшынёй калгаса імя Кірава, затым калгаса «Рухавік рэвалюцыі» Брагінскага раёна. У час Вялікай Айчыннай вайны быў камісарам партызанскага атрада, потым партызанскай брыгады імя Калініна.
Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1945–1953 гг. быў на гаспадарчай рабоце. Працаваў старшынёй Міёрскага райвыканкама. Пасля заканчэння Горацкай школы аграномаў загадваў Глыбоцкім райсельгасаддзелам.
У 1953–1971 гг. кіраваў калгасам імя Чапаева Глыбоцкага раёна. Пад яго кіраўніцтвам гаспадарка стала адной з вядучых у рэгіёне.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Клімёнак М. А. у 1966 г. удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы.
Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР у 1967–1971 гг.
З 1971 г. на пенсіі.
Памёр 4 ліпеня 1992 года.
Узнагароджаны залатым медалём «Серп і молат» Героя Сацыялістычнай Працы, ордэнам Леніна, ордэнам Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі.
ЛІТАРАТУРА
1. Клименок Максим Александрович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник / сост.: И. Н. Кулан, В. И. Козак, Е. Е. Соколов ; под общ. ред. А. Н. Новикова. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – С. 115.