Макараў Мікалай Акімавіч
Макараў Мікалай Акімавіч нарадзіўся 1 снежня 1905 года ў Віцебску ў сям'і чыгуначніка.
Удзельнік грамадзянскай вайны.
Працоўны шлях пачаў у 1923 годзе на станцыі Віцебск. У 1927–1929 гг. служыў у Чырвонай Арміі. У перадваенныя гады прайшоў шлях ад радавога работніка да начальніка Віцебскага аддзялення руху Заходняй чыгункі. На гэту пасаду быў прызначаны ў снежні 1940 года.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ўзначальваў эксплуатацыйнае аддзяленне, паравозную калону асаблівага рэзерву Народнага камісарыята шляхоў зносін № 3. Прымаў удзел у абслугоўванні вайсковых часцей Чырвонай Арміі пры абароне Масквы, Сталінграда, у бітве на Курскай дузе. Падчас баёў за вызваленне Віцебска ўзначальваў аператыўную групу чыгуначнікаў, якая дастаўляла ваенныя грузы непасрэдна да месца бітваў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 5 лістапада 1943 года за асаблівыя заслугі ў забеспячэнні перавозак для фронту і народнай гаспадаркі і выдатныя дасягненні ў аднаўленні чыгуначнай гаспадаркі ў цяжкіх умовах ваеннага часу Макараву Мікалаю Акімавічу было прысвоена званне «Герой Сацыялістычнай Працы».
З 1944 года М. А. Макараў працаваў начальнікам Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі, правёў вялікую работу па аднаўленні разбуранай чыгуначнай гаспадаркі: у 1964 годзе адкрыў Палац культуры і тэхнікі чыгуначнікаў, а ў 1966 годзе – першы на Беларускай чыгунцы музей рэвалюцыйнай, баявой і працоўнай славы віцебскіх чыгуначнікаў.
З 1965 года працаваў інжынерам кабінета навукова-тэхнічнай інфармацыі Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна (2), Працоўнага Чырвонага Сцяга (2), Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны», медалямі, знакам «Ганаровы чыгуначнік» (3).
Жыў у Віцебску. Ганаровы грамадзянін г. Віцебска.
Памёр Мікалай Акімавіч 26 чэрвеня 1975 года. У Віцебску яго імем названа вуліца. У лакаматыўным дэпо эксплуатуецца цеплавоз з імем «Мікалай Макараў». У 2019 годзе на будынку Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Мікалая Акімавіча Макарава.
ЛІТАРАТУРА
1. Давыдов, А. До Берлина со всеми остановками / А. Давыдов // Витебские вести. – 2019. – 3 мая. – С. 13.
2. Давыдов, А. Легендарному железнодорожнику Витебщины / А. Давыдов // Витебские вести. – 2019. – 6 авг. – С. 4.
3. Дроздова, Н. Я. Во всем был первым / Н. Я. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 3 авг. – С. 2.
4. Дроздова, Н. Я. Крепче и надежней всех путей / Н. Я. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 22 сент. – С. 4.
5. Макараў Мікалай Акімавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 485.
6. Макаренко, Л. Как на передовой / Л. Макаренко // Знаменосцы трудовой славы / сост.: Г. С. Гужва [и др] ; рец. Б. В. Стрельцов. – Минск : Беларусь, 1984. – С. 205–208.
7. Макаров Николай Акимович // Почетные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. – Минск : Беларусь, 2008. – С. 61.
8. Макаров Николай Акимович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 97–98.
9. Макаров Николай Акимович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 270.
10. Макаров Николай Акимович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник / сост.: И. Н. Кулан, В. И. Козак, Е. Е. Соколов ; под общ. ред. А. Н. Новикова. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – С. 145.
СПАСЫЛКІ