Цукерман Веніямін Аронавіч
Цукерман Веніямін Аронавіч нарадзіўся 6 красавіка 1913 года ў г. Віцебску. Заслужаны вынаходнік РСФСР. Доктар тэхнічных навук, прафесар.
Скончыў сямігадовую школу. З дзяцінства стаў губляць зрок і з часам канчаткова аслеп. У 1928 годзе сям'я пераехала ў Маскву. Там Веніямін Цукерман паступіў на чарцёжна-канструктарскія курсы і скончыў іх.
У 1930 годзе пачаў працаваць прэпаратарам рэнтгенаўскай лабараторыі аддзела выпрабаванняў авіяцыйных матэрыялаў ЦАГІ (пазней – рэнтгенаўская лабараторыя Маскоўскага вячэрняга машынабудаўнічага інстытута), у якім вучыўся.
У 1934 годзе быў прызначаны загадчыкам рэнтгенаўскай лабараторыі. У 1936 годзе скончыў Маскоўскі вячэрні машынабудаўнічы інстытут.
У 1940 годзе лабараторыя была пераведзена ў Інстытут машыназнаўства Акадэміі навук СССР, і Веніямін Цукерман узначальваў яе да пачатку 1947 года.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Веніямін Аронавіч займаўся тэарэтычнымі і ваенна-прыкладнымі навуковымі распрацоўкамі ў Казані, куды быў эвакуіраваны разам з інстытутам.
У 1946 годзе па запрашэнні Ю. Б. Харытона Веніямін Аронавіч Цукерман удзельнічаў у атамным праекце ў складзе КБ-11 пры лабараторыі № 2 АН СССР у г. Арзамас-16 (зараз г. Сароў Ніжагародскай вобласці). У 1947 годзе быў канчаткова пераведзены ў КБ-11, дзе плённа працаваў да апошніх дзён свайго жыцця. Паслядоўна займаў пасады начальніка лабараторыі, начальніка аддзела, вядучага навуковага супрацоўніка.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 сакавіка 1962 года за выключныя заслугі перад дзяржавай пры выкананні спецыяльнага задання Урада Цукерману Веніяміну Аронавічу было прысвоена званне «Герой Сацыялістычнай Працы».
В. А. Цукерман стварыў розныя тыпы рэнтгенаўскіх крыніц, у тым ліку ізатопныя, з дапамогай якіх ажыццяўляўся рэнтгенафлуарэсцэнтны аналіз парод Венеры на міжпланетных станцыях «Венера-13» і «Венера-14».
Аўтар шматлікіх навуковых прац (каля 100), чатырох кніг, а таксама 60 навуковых вынаходак.
Лаўрэат Ленінскай прэміі (1960), Сталінскіх прэмій (1946, 1949, 1955), Дзяржаўнай прэміі СССР (1978).
Узнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі, «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга (3), Леніна (3), медалямі.
Памёр Веніямін Аронавіч 25 лютага 1993 года. Пахаваны ў г. Сароў Ніжагародскай вобласці.
На будынку інстытута, у якім Веніямін Аронавіч Цукерман працаваў 47 гадоў, устаноўлена мемарыяльная дошка.
ЛІТАРАТУРА
1. Болсун, А. Белорусские имена в науке (Физика, физико-технические науки, астрономия) / А. Болсун // Изобретатель. – 2016. – № 5. – С. 38–48.
2. Вениамин Цукерман: «Я прожил удивительную и счастливую жизнь» / подгот. А. Шульман // Мишпоха. – 2002. – № 11. – С. 60–63.
3. Папоў, Ф. Д. Цукерман Веньямін Аронавіч / Ф. Д. Папоў // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2003. – Т. 17 : Хвінявічы–Шчытні. – С. 135.
4. Позойский, С. В. Ученые-физики – уроженцы Витебщины / С. В. Позойский // Фiзiка: праблемы выкладання. – 2006. – № 1. – С. 28–30.
5. Цукерман Вениамин Аронович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 314.
6. Цукерман Вениамин Аронович // Твои герои, Беларусь! Герои Социалистического Труда : биографический справочник / сост.: И. Н. Кулан, В. И. Козак, Е. Е. Соколов ; под общ. ред. А. Н. Новикова. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2014. – С. 231.
7. Цукерман Вениамин Аронович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 573.
8. Цукерман Веніямін Аронавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 299–300.
9. Цукерман Веніямін Аронавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 177.
СПАСЫЛКІ
Вениамин Цукерман: «Я прожил удивительную и счастливую жизнь» / подгот. А. Шульман