Ананьеў Мартын Аляксеевіч
Ананьеў Мартын Аляксеевіч нарадзіўся 14 (27) красавіка 1900 года ў былой в. Ісайкі Гарадоцкага раёна ў сялянскай сям'і.
З 1919 года – у арміі. Удзельнік грамадзянскай вайны. У 1923 годзе быў дэмабілізаваны. Працаваў дырэктарам прамкамбіната ў г. Таганрог.
Са жніўня 1941 года зноў служыў у арміі. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. З лютага 1942 года – на фронце. Старшы сяржант 635-га стралковага палка 143-й стралковай дывізіі М. А. Ананьеў 18–20 верасня 1943 года ў баі за населены пункт Казялец Чарнігаўскай вобласці (Украіна) замяніў выбыўшага са строю камандзіра роты і ўмела кіраваў падраздзяленнем. Батальён пад яго камандаваннем не толькі адбіў атаку, але і першым увайшоў у Казялец.
Пры фарсіраванні Дняпра 27 верасня 1943 года камандзір кулямётнага разліку Мартын Ананьеў з групай байцоў на маленькай лодцы ў ліку першых пераправіўся на правы бераг ракі. Байцы роты занялі першую траншэю ворага. Супраць іх праціўнік кінуў пяхотны батальён. Усю ноч ішоў няроўны бой. Пехацінцы адбівалі атакі ворага, не прапусцілі яны і варожыя танкі, тым самым садзейнічалі пашырэнню захопленага плацдарма. Кулямётчык Ананьеў асабіста знішчыў каля 70 гітлераўцаў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 чэрвеня 1944 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў і праяўленыя пры гэтым гераізм і адвагу старшаму сяржанту Ананьеву Мартыну Аляксеевічу было прысвоена званне «Герой Савецкага Саюза».
У 1946 годзе М. А. Ананьеў быў дэмабілізаваны. Жыў і працаваў у г. Таганрог Растоўскай вобласці.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны I ступені, ордэнам Славы III ступені, медалямі.
Памёр Мартын Аляксеевіч 11 красавіка 1982 года.
На будынку дома, дзе жыў Герой, у 1983 годзе ўсталявана мемарыяльная дошка.
ЛІТАРАТУРА
1. Ананьев Мартин Алексеевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 17.
2. Ананьев Мартин Алексеевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 97.
3. Ананьев Мартин Алексеевич // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 13.
4. Ананьев Мартин Алексеевич // Твои сыновья, Беларусь! Кавалеры ордена Славы : биографический справочник / Б. Д. Долготович. – Минск : БеЭн імя П. Броўкі, 2014. – С. 18.
5. Ананьеў Марцін Аляксеевіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. / рэдкал.: П. У. Броўка [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1969. – Т. I : А–Афіна. – С. 317.
6. Салаўёў, Н. За мужнасць і адвагу / Н. Салаўёў // Прамень камунізму (Гарадок). – 1973. – 9 мая. – С. 1.
СПАСЫЛКІ