Асташэнка Фёдар Апанасавіч
Асташэнка Фёдар Апанасавіч нарадзіўся 19 чэрвеня 1896 года ў в. Вялікае Любшчына Віцебскага раёна.
У арміі з 1915 года, у Чырвонай Арміі з 1918 года. Удзельнік грамадзянскай вайны.
Пачатак Вялікай Айчыннай вайны палкоўнік Ф. А. Асташэнка сустрэў на пасадзе намесніка камандзіра шостай Арлоўскай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі. Удзельнічаў у першых прыгранічных баях пад Брэстам, камандуючы зводным атрадам. У далейшым баявы шлях Фёдара Апанасавіча праходзіў праз Кобрын, Бярозу-Картузскую, Ружаны, Косава, Лунінец. Потым – баі на Магілёўшчыне. Фёдар Апанасавіч – актыўны ўдзельнік Сталінградскай, Корсунь-Шаўчэнкаўскай бітваў і Яска-Кішынеўскай аперацыі. На заключным этапе вайны генерал-маёр Ф. А. Асташэнка, будучы камандзірам 57-га стралковага корпуса, прымаў актыўны ўдзел у вызваленні народаў Паўднёва-Усходняй Еўропы ад фашысцкага заняволення. За ўмелае кіраўніцтва войскамі і асабісты гераізм у баях пад Будапештам яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Памёр 7 кастрычніка 1976 года.
Генерал Асташэнка атрымаў 14 савецкіх баявых узнагарод. У іх ліку – два ордэны Леніна. Ён атрымаў таксама ўрадавыя ўзнагароды Чэхаславакіі, Венгрыі і Румыніі.
ЛІТАРАТУРА
1. Ануфриев, В. Наш земляк – генерал Асташенко / В. Ануфриев // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2000. – 7 крас. – С. 2.
2. Асташэнка Фёдар Апанасавіч // Памяць: Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.] ; уклад. У. І. Мезенцаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 332.
3. Лазавацкі, Д. Каштоўная рэліквія / Д. Лазавацкі // Віцебскі рабочы. – 1973. – 19 снеж. – С. 2.