Баталаў Рыгор Міхайлавіч
Баталаў Рыгор Міхайлавіч нарадзіўся 15 (28) студзеня 1915 года ў Віцебску ў сям'і рабочага.
Працаваць пачаў з 14 гадоў у віцебскім чыгуначным дэпо, потым некаторы час узначальваў камсамольскую арганізацыю ў калгасе ў адной з беларускіх вёсак. З 1934 года – у Чырвонай Арміі. У 1937 годзе скончыў Мінскае пяхотнае вучылішча.
Ваяваў на Заходнім, Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім, Данскім, Варонежскім, 2-м Украінскім франтах. У чэрвені 1941 года Рыгор Баталаў камандаваў курсанцкім узводам. У складзе зводнага батальёна быў наводчыкам гарматы пад Мажайскам. У Сталінградзе 25-гадовы капітан Баталаў узначаліў стралковы полк. Пад яго кіраўніцтвам полк вызначыўся ў некаторых баях, удзельнічаў у захопе фельдмаршала Паўлюса і яго штаба. За поспехі ў баях полк быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
У канцы лютага 1943 года дывізія была перакінута да Белгарада. Гвардзейскі полк Баталава заняў абарону ў раёне Маславай Прыстані, дзе адбіў шматлікія спробы ворага фарсіраваць Паўночны Данец. Пачалося ліпеньскае наступленне гітлераўцаў. Полк Баталава, які знаходзіўся ў першым эшалоне, прыняў на сябе асноўны ўдар праціўніка і бліскуча выканаў пастаўленую перад ім баявую задачу. Пазіцыі атакавалі дзве варожыя пяхотныя дывізіі і 6 танкаў. Прасунуўшыся цаной велізарных страт на 1,5–2 км, фашысты вымушаны былі адмовіцца ад далейшага наступлення на гэтым участку і перайсці да абароны. 229-ы гвардзейскі стралковы полк адным з першых фарсіраваў Паўночны Данец, захапіў плацдарм і забяспечыў пераправу галоўных сіл дывізіі і арміі на заходні бераг ракі. За гэту аперацыю Баталаў Рыгор Міхайлавіч быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга паўторна. Разграміўшы фашыстаў пад Белгарадам, дывізія перайшла ў наступленне ў напрамку Харкава, удзельнічала ў яго вызваленні ад захопнікаў.
У ноч з 24 на 25 верасня 1943 года полк у цяжкіх умовах фарсіраваў Днепр, захапіў плацдарм і замацаваўся на ім.
За выдатнае выкананне пастаўленай задачы ўвесь асабовы састаў палка быў адзначаны ўрадавымі ўзнагародамі, а Баталаву Рыгору Міхайлавічу было прысвоена высокае званне «Герой Савецкага Саюза».
У жніўні 1944 года намеснік камандзіра 72-й гвардзейскай стралковай дывізіі Баталаў Рыгор Міхайлавіч актыўна ўдзельнічаў у правядзенні славутай Яса-Кішынёўскай аперацыі.
У 1944–1945 гг. Р. М. Баталаў змагаўся з гітлераўцамі на тэрыторыі Румыніі, Венгрыі, Чэхаславакіі і Аўстрыі, удзельнічаў у вызваленні Будапешта, Браціславы і Прагі.
Пасля вайны скончыў Ваенную акадэмію імя М. Р. Фрунзэ, а ў 1959 годзе – Ваенную акадэмію Генеральнага штаба Узброеных сіл СССР. Служыў у Савецкай Арміі да 1971 года.
У 1965 годзе яму было прысвоена званне генерал-лейтэнанта. З 1971 года – у адстаўцы. Працаваў намеснікам дырэктара Інстытута кібернетыкі Акадэміі навук УССР. Жыў у Кіеве.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кутузава II ступені, Айчыннай вайны I ступені, Чырвонай Зоркі, Чырвонага Сцяга (4), медалямі. Аўтар кнігі «Ратнае поле» (1985).
Памёр Рыгор Міхайлавіч 19 верасня 1998 года. Пахаваны ў Кіеве.
ЛІТАРАТУРА
1. Баталаў Рыгор Міхайлавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – Кн. 1. – С. 619–620.
2. Баталов Григорий Михайлович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 36.
3. Баталов Григорий Михайлович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 16.
4. Баталов Григорий Михайлович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник / ред.: Ю. В. Баженов [и др.] ; худ. ред. П. В. Баранов. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – С. 20–21.
5. Гайдуков, К. «Ратное поле» / К. Гайдуков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 23 февр. – С. 10.
6. Львоў, У. Ад Сталінграда да Прагі / У. Львоў // Віцебскі рабочы. – 1981. – 3 сак. – С. 3.
7. Подлипский, А. Еще двое героев-витеблян? / А. Подлипский // Витебский проспект. – 2013. – 27 июня. – С. 5.
СПАСЫЛКІ