Гапяёнак Мікалай Іванавіч
Гапяёнак Мікалай Іванавіч нарадзіўся 17 красавіка 1919 года ў в. Глінішча Гарадоцкага раёна (зараз не існуе).
У 1931 годзе скончыў 4 класы сельскай школы. З 1931 года жыў у г. Пецяргоф, дзе ў 1937 годзе скончыў 9 класаў сярэдняй школы. З верасня 1937 года вучыўся ў Балашоўскай лётнай школе грамадзянскага паветранага флоту. У 1939 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію.
У лістападзе 1940 года Мікалай Гапяёнак скончыў Балашоўскую ваенную авіяцыйную школу пілотаў. З1941 года – у Чырвонай Арміі.
Ваяваў на Ленінградскім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім, Варонежскім, Сцяпным, 1-м, 2-м Украінскіх франтах. Быў лётчыкам на скорасным бамбардзіроўшчыку «СБ», пікіруючым бамбардзіроўшчыку «Пе-2», камандзірам звяна, намеснікам камандзіра эскадрыллі, потым камандзірам эскадрыллі 81-га гвардзейскага Кракаўскага ордэна Суворава і Багдана Хмяльніцкага бамбардзіровачнага авіяпалка.
Прымаў удзел у нанясенні бомбавых удараў пры абароне і прарыве блакады Ленінграда, у бітве пад Курскам, у Белгарадска-Харкаўскай, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Яска-Кішынёўскай, Львоўска-Сандамірскай, Вісла-Одэрскай, Берлінскай і Пражскай аперацыях. За гады Вялікай Айчыннай вайны М. І. Гапяёнак зрабіў 198 баявых вылетаў на бамбардзіроўку войск, баявой тэхнікі, апорных пунктаў, аэрадромаў, мастоў, чыгуначных і іншых аб'ектаў праціўніка.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1945 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым гераізм і адвагу Гапяёнку Мікалаю Іванавічу было прысвоена званне «Герой Савецкага Саюза».
Удзельнік Парада Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года.
У пасляваенны перыяд працягваў службу ў Ваенна-паветраных сілах. У 1951 годзе скончыў Ваенна-паветраную акадэмію ў п. Моніна Маскоўскай вобласці. Пасля яе заканчэння застаўся там на выкладчыцкай працы.
У студзені 1979 года М. І. Гапяёнак быў звольнены ў запас. Пасля звальнення працаваў выкладчыкам у Ваенна-паветранай акадэміі імя Ю. А. Гагарына, кандыдат ваенных навук.
Жыў у п. Моніна Маскоўскай вобласці.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны I ступені, «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» III ступені, Чырвонага Сцяга (двойчы), Чырвонай Зоркі, медалямі.
Памёр Мікалай Іванавіч 21 кастрычніка 2008 года. У п. Моніна на будынку дома, дзе жыў Герой, усталявана мемарыяльная дошка.
ЛІТАРАТУРА
1. Гапеенок Николай Иванович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 32.
2. Гапеёнок Николай Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 291.
3. Гапеёнок Николай Иванович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2006. – Т. 2 : А–Герань. – С. 879.
4. Гапеёнок Николай Иванович // Твои сыновья, Беларусь! Кавалеры ордена Славы : биографический справочник / Б. Д. Долготович. – Минск : БеЭн імя П. Броўкі, 2014. – С. 36.
5. Гапяёнак Мікалай Іванавіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1997. – Т. 5 : Гальцы–Дагон. – С. 37.
6. Гапяёнак Мікалай Іванавіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. / рэдкал.: П. У. Броўка [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1971. – Т. III : Веды–Графік. – С. 344.
7. Гордзін, Б. Герой Савецкага Саюза – наш зямляк / Б. Гордзін // Прамень камунізму (Гарадок). – 1966. – 22 лют. – С. 2.
8. Салаўёў, М. Сакаліны почырк / М. Салаўёў // Прамень камунізму (Гарадок). – 1973. – 29 верас. – С. 2.
9. Уладзіміраў, Б. Багатыр у паветры / Б. Уладзіміраў // Прамень камунізму (Гарадок). – 1980. – 3 ліп. – С. 2.
СПАСЫЛКІ