Лугаўской Дзмітрый Іванавіч
Лугаўской Дзмітрый Іванавіч нарадзіўся 17 лістапада 1918 года ў Віцебску ў сям'і служачага.
Пасля школы паступіў у Віцебскі аэраклуб (1938), потым працаваў токарам у Віцебскім палітэхнікуме. З 1940 года служыў у Савецкай Арміі, у 1941 годзе скончыў Ваенную авіяцыйную школу пілотаў.
Са жніўня 1942 года – на Каўказскім, Паўночна-Каўказскім, 2-м Прыбалтыйскім франтах.
У жніўні 1942 года 502-і штурмавы авіяполк прыбыў на фронт, баі ішлі ў раёне Армавіра. Час быў цяжкі: фашысты імкнуліся захапіць тэрыторыю Кубані, нашы войскі адступалі. Лётчыкі адразу ўключаліся ў баявую работу. У першы ж дзень Дзмітрый Іванавіч зрабіў тры вылеты. Каб знізіць эфектыўнасць варожага зенітнага агню, ён, як і больш вопытныя лётчыкі, ішоў на штурм пяхоты, зніжаўся да 8–10 метраў над зямлёй, агнём прасаваў пярэдні край ворага, а потым рэзка ўзнімаўся ў неба і зноў наносіў наступны ўдар.
Ужо за першыя два месяцы, якія правёў на фронце Дзмітрый Іванавіч, ён меў на сваім баявым рахунку некалькі знішчаных фашысцкіх танкаў і гармат, калону аўтамашын з варожымі салдатамі і боепрыпасамі, спаленую пераправу праз водны рубеж. Гэта была пераправа праз р. Лаба ў раёне станцыі Курганская. Тады і з'явілася першая ўзнагарода ў Дзмітрыя Іванавіча – ордэн Чырвонага Сцяга.
Камандзір эскадрыллі штурмавога авіяпалка капітан Дз. І. Лугаўской зрабіў 130 баявых вылетаў, знішчыў 10 варожых танкаў, 26 гармат і бронемашын, 80 аўтамашын з жывой сілай і грузам, 4 пераправы.
Званне «Герой Савецкага Саюза» Лугаўскому Дмітрыю Іванавічу было прысвоена 13 красавіка 1944 года.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Аляксандра Неўскага, Айчыннай вайны I і II ступеняў, Чырвонай Зоркі (2), медалямі.
Пасля вайны служыў у Савецкай Арміі (да 1959 года), звольніўся ў запас у званні палкоўніка. Жыў у Мінску.
Памёр Дзмітрый Іванавіч 2 мая 1989 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Гайдуков, К. За штурвалом «летающего танка» / К. Гайдуков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2016. – 17 дек. – С. 10.
2. Лугаўской Дзмітрый Іванавіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – Кн. 1. – С. 631.
3. Лугаўской Дзмітрый Іванавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч . – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1997. – Т. 4 : Кадэты–Ляшчэня. – С. 395
4. Луговской Дмитрий Иванович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 79–80.
5. Луговской Дмитрий Иванович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 81.
6. Луговской Дмитрий Иванович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник / ред.: Ю. В. Баженов [и др.] ; худ. ред. П. В. Баранов. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – С. 86–87.
7. Сузін, Л. На крылах мужнасці / Л. Сузін // Звязда. – 1980. – 17 ліп. – С. 4.
8. Сурынава, Н. Калі прадзед – Герой / Н. Сурынава // Звязда. – 2018. – 20 студз. – С. 5.
СПАСЫЛКІ