Маркаў Фёдар Рыгоравіч
Маркаў Фёдар Рыгоравіч нарадзіўся 24 снежня 1913 года ў в. Качанішкі Пастаўскага раёна.
Удзельнік рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, у 1936–1939 гг. знаходзіўся ў канцлагеры, а потым у віленскай турме.
У 1939–1941 гг. абраны старшынёй Свенцянскага гарадскога Савета, намеснікам старшыні Вілейскага аблвыканкама.
З першых дзён вайны Фёдар Рыгоравіч ваяваў у складзе дзеючай арміі. У верасні 1941 года па рашэнні ЦК КП(б)Б быў адкліканы для працы ў тыле ворага.
Свой баявы партызанскі шлях пачаў камандзірам спецгрупы партызанскага атрада. У маі 1942 года быў прызначаны камандзірам партызанскага атрада імя Суворава, а ў лістападзе 1942 года ўзначаліў партызанскую брыгаду імя Варашылава, з'яўляючыся адначасова з красавіка 1942 года начальнікам ваенна-аператыўнага аддзела Вілейскага падпольнага абкама КП(б)Б.
За баявыя заслугі, гераізм, праяўлены ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, Ф. Р. Маркаву 1 студзеня 1944 года прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Неаднаразова абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.
Памёр Фёдар Рыгоравіч 14 студзеня 1958 года. Яго імем названы вуліцы ў Паставах, Вілейцы, г. п. Лынтупы.
ЛІТАРАТУРА
1. Арганізатары і кіраўнікі антыфашысцкай барацьбы // Чароўны край – Пастаўшчына : вучэбны дапаможнік па курсе «Паставызнаўства» / І. М. Пракаповіч. – 2-е выд., дапрац. і дап. – Мінск : Ковчег, 2014. – С. 169–172.
2. Валетка, Л. Камбрыг – Герой Савецкага Саюза / Л. Валетка // Пастаўскi край. – 2003. – 24 снеж. – С. 2.
3. Марков Федор Григорьевич // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 89.