Мухін Валянцін Рыгоравіч
Мухін Валянцін Рыгоравіч – заслужаны лётчык-выпрабавальнік СССР, Герой Савецкага Саюза, генерал-маёр авіяцыі.
Нарадзіўся 20 снежня 1926 года ў г. Лепель у сям'і вайскоўца.
У 1944 годзе скончыў Адэскую спецшколу ВПС, якая знаходзілася ў эвакуацыі ў г. Пенджыкент (Таджыкістан).
У арміі з ліпеня 1944 года. Пачаў навучанне ў Адэскай ваеннай авіяцыйнай школе лётчыкаў (якая знаходзілася ў г. Фрунзе, Кіргізія), але ў снежні 1944 года быў пераведзены ў Ташкенцкую ваенна-авіяцыйную школу стралкоў-бамбардзіраў (г. Чырчык, Узбекістан), якую скончыў у 1945 годзе.
У 1949 годзе скончыў Качынскае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў, у якім да 1951 года быў лётчыкам-інструктарам.
У 1953 годзе скончыў Школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў, у 1959 годзе – вячэрняе аддзяленне Жукоўскага філіяла Маскоўскага авіяцыйнага інстытута.
У 1953–1957 гг. быў лётчыкам-выпрабавальнікам Лётна-даследчыцкага інстытута. Падняў у неба і правёў выпрабаванні доследнага самалёта Е-50, знішчальнікаў МіГ-17СФ і МіГ-17ПФ на дынамічную столь.
У 1957–1989 гг. працаваў у доследна-канструктарскім бюро імя А. С. Якаўлева.
Доўгі час быў старшым лётчыкам-выпрабавальнікам ВКБ. Падняў у неба і правёў поўныя выпрабаванні першага айчыннага самалёта вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-36, рэактыўных баявых самалётаў Як-28І і Як-28Л, спартыўнага Як-30, самалёта вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38.
Удзельнічаў у выпрабаваннях усіх самалётаў, распрацаваных і пабудаваных у ВКБ, выканаў шэраг рэкламных палётаў на пасажырскіх самалётах за мяжой.
За мужнасць і гераізм пры выпрабаванні новай авіяцыйнай тэхнікі 22 ліпеня 1966 года палкоўніку В. Р. Мухіну прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка».
Таксама ўзнагароджаны ордэнамі Кастрычніцкай рэвалюцыі (1971), Чырвонага Сцяга, «За службу Радзіме» 3-й ступені.
У 1981 годзе – дзяржаўная прэмія СССР.
У 1985–1991 гг. працаваў начальнікам лётна-выпрабавальнага комплексу ДКБ А. С. Якаўлева.
З лютага 1992 года генерал-маёр авіяцыі В. Г. Мухін – у адстаўцы.
Жыў у Маскве.
Трагічна загінуў у аўтадарожным здарэнні 13 красавіка 2005 года.
Пахаваны на Траякураўскіх могілках у Маскве.
ЛІТАРАТУРА
1. Вуліцы носяць імёны славутых землякоў / падрыхт. А. Марціновіч // Лепельскі край. – 2018. – 10 жн. – С. 2.
2. Кошевар, Д. В. Мухин Валентин Григорьевич / Д. В. Кошевар // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 152–153.
3. Мухин Валентин Григорьевич // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 96.
4. Шлег, Т. Лётчык-выпрабавальнік / Т. Шлег // Лепельскі край. – 2009. – 10 лют. – С. 2.