Сабалеўскі Аляксандр Пятровіч
Сабалеўскі Аляксандр Пятровіч нарадзіўся 17 (30) жніўня 1905 года ў г. Гарадок.
Скончыў народную школу. Вучыўся ў прафесійна-тэхнічным вучылішчы, адначасова працаваў у сістэме чыгуначнага транспарту, а потым – на лесапільным заводзе. У 1925 годзе, пасля пераезду сям'і ў Ленінград, працаваў слесарам на Балтыйскім заводзе.
У 1926–1935 гг. служыў у Чырвонай Арміі. У 1927 годзе скончыў школу лекарскіх памочнікаў пры Ваенна-медыцынскай акадэміі. Пасля яе заканчэння працаваў старшым лекарскім памочнікам 39-га Ленінаканскага, а з 1929 года – 40-га Ерэванскага пагранічных атрадаў. У 1935 годзе быў звольнены па стане здароўя.
Працаваў фельчарам у бальніцы імя І. І. Мечнікава. У 1936 годзе паступіў у 2-і Ленінградскі медыцынскі інстытут. Студэнт Сабалеўскі ў жніўні 1937 года адправіўся ў плаванне з экспедыцыяй на ледаколе «Георгій Сядоў», выконваючы абавязкі суднавога ўрача.
У 1937–1940 гг. падчас дрэйфу ледакола «Георгій Сядоў» у Паўночным Ледавіковым акіяне, дзякуючы намаганням Сабалеўскага, члены экіпажа не захварэлі на цынгу і вытрымалі маразы, ён таксама актыўна ўдзельнічаў ва ўсіх работах на ледаколе і льдзіне.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 лютага 1940 года за правядзенне гераічнага дрэйфу, выкананне шырокай праграмы даследаванняў у цяжкіх умовах Арктыкі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм суднавому ўрачу Сабалеўскаму Аляксандру Пятровічу было прысвоена званне «Герой Савецкага Саюза».
У гады Вялікай Айчыннай вайны А. П. Сабалеўскі прымаў удзел у баях на Ленінградскім фронце. У 1945 годзе скончыў Ваенна-марскую медыцынскую акадэмію.
Пасля вайны займаў адказныя пасады ў сістэме ваенна-медыцынскай службы флоту. З 1959 года палкоўнік медыцынскай службы А. П. Сабалеўскі быў звольнены ў запас.
Жыў у г. Паўлаўск (зараз раён Санкт-Пецярбурга).
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені, Леніна (двойчы), медалямі.
Памёр Аляксандр Пятровіч 12 студзеня 1988 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Буракова, Н. Покоритель Арктики / Н. Буракова // Гарадоцкі веснік. – 2015. – 29 жн – С. 5.
2. Михайлов, В. Унесенные льдами / В. Михайлов // Советская Белоруссия. – 2007. – 10 окт. – С. 17.
3. Одна давняя встреча / подгот. Л. Кожемякин // Гарадоцкі веснік. – 2008. – 22 ліп. – С. 3.
4. Сабалеўскі Аляксандр Пятровіч // Беларуская савецкая энцыклапедыя : у 12 т. / рэдкал.: П. У. Броўка [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1973. – Т. IX : Рабкор–Сочы. – С. 283–284.
5. Сабалеўскі Аляксандр Пятровіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2002. – Т. 14 : Рэле–Слаявіна. – С. 45.
6. Садовская, С. 812 дней ледового плена / С. Садовская // Гарадоцкi веснік. – 2005. – 30 жн. – С. 2.
7. Соболевский Александр Петрович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 480.
8. Соболевский Александр Петрович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2008. – Т. 7 : Снегирь–Ящерицын – С. 8.
9. Соболевский Александр Петрович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 122.
10. Соболевский Александр Петрович // Твои сыновья, Беларусь! Кавалеры ордена Славы : биографический справочник / Б. Д. Долготович. – Минск : БеЭн імя П. Броўкі, 2014. – С. 127.
СПАСЫЛКІ