Абазоўскі Канстанцін Антонавіч
Абазоўскі Канстанцін Антонавіч нарадзіўся 1 кастрычніка 1919 года ў в. Абухава Лепельскага павета (цяпер Бешанковіцкі раён), Герой Савецкага Саюза (1944). Скончыў Віцебскі настаўніцкі інстытут (1938) і адначасова ваеннае авіяцыйнае вучылішча. У Чырвонай Арміі з 1940 года. У 1938 годзе К. Абазоўскі стаў настаўнікам гісторыі ў СШ № 20 г. Віцебска, потым працаваў у Застарынскай школе, дзё вучыўся сам.
На франтах Вялікай Айчыннай вайны з мая 1943 года, лётчык-штурмавік, камандзір звяна. Удзельнічаў у вызваленні ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Каўказа, Крыма, Прыбалтыкі. Да жніўня 1944 г. здзейсніў 106 баявых вылетаў на штурмоўку жывой сілы і тэхнікі праціўніка, знішчыў 11 танкаў, 139 аўтамашын, 26 зенітных установак, 22 палявыя гарматы, 3 самалёты, 2 самаходныя баржы і шмат іншай варожай тэхнікі. Звяно штурмавікоў пад камандаваннем К. А. Абазоўскага было лепшым у палку, не мела страт у людзях і тэхніцы. 6 мая 1944 г. звяно штурмавікоў пад камандаваннем старшага лейтэнанта Канстанціна Антонавіча Абазоўскага ў паветраным баі каля Севастопаля збіла пяць варожых знішчальнікаў, знішчыла на зямлі восем самалётаў і два склады праціўніка з боепрыпасамі. За праяўленыя мужнасць і адвагу ў баях па канчатковым выгнанні фашысцкіх захопнікаў з Кубані і Тамані і за наступныя 20 паспяховых вылетаў лётчык быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. А за рашучыя дзеянні на Керчынскім паўвостраве, пры вызваленні Крыма, дзе зрабіў 20 паспяховых вылетаў, Абазоўскі ўзнагароджваецца яшчэ адным ордэнам – Чырвонага Сцяга, за вызваленне Сімферопаля наступная ўзнагарода – ордэн Чырвонай Зоркі.12 чэрвеня 1944 года К. А. Абазоўскі павёў групу «Ілаў» на штурм варожай абароны пад Віцебскам. Усяго лётчыкам зрабіў 105 баявых паспяховых вылетаў на штурм ваенных аб’ектаў ворага. Загінуў 26 кастрычніка 1944 года пры вызваленні Прыбалтыкі, трагедыя здарылася на мяжы Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці і Краслаўскага раёна Латвіі. У той жа дзень Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР Канстанціну Антонавічу Абазоўскаму прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза.
Узнагароджаны ордэнам Леніна, двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай зоркі.
Яго імем названы вуліцы і завулак у Бешанковічах, сярэдняя школа ў в. Плісы Бешанковіцкага раёна, дзе ён вучыўся, а потым працаваў настаўнікам, на будынку школы ўстаноўлена мемарыяльная дошка.
ЛІТАРАТУРА
1. Абазоўскі Канстанцін Антонавіч // Імёны, асобы, лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 5.
2. Абазоўскі Канстанцін Антонавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Витебская областная типография, 2007. – С. 4.
3. Абазовский Константин Антонович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич (пред.) [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 7.
4. Абазовский Константин Антонович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник / [ред.: Ю. В. Баженов и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – С. 14.
5. Близнюк, А. М. На бастионах Севастополя / А. М. Близнюк ; худож. Г. С. Грак. – Мінск : Полымя, 1985. – 110 с.
6. Дроб, А. Восемь десятилетий. Полет нормальный... / А. Дроб // Белорусская военная газета. – 2012. – 29 авг. – С. 4.
7. З палёту не вярнуўся // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. – С. 223–224.
8. Крачкоўскі, А. «Арыён» з палёту не вярнуўся / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2014. – 3 кастр. – С. 5.
9. Лосев, Я. Жизнь для него была полетом... / Я. Лосев // Витебский проспект. – 2011. – 20 янв. – С. 6.