Строчка Іван Іванавіч
Строчка Іван Іванавіч нарадзіўся 10 кастрычніка 1919 года ў в. Пажарышча Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. Член КПСС з 1942 года. Скончыў сем класаў няпоўнай сярэдняй школы, два курсы Ленінградскага электратэхнікума. Працаваў электраманцёрам у будаўнічым трэсце Ленінграда. У 1939 годзе быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. У жніўні 1941 года на Паўднёвым, Крымскім, 1-м і 4-м Украінскіх франтах. Удзельнік баёў у Крыме, на Паўночным Каўказе, Украіне, Данбасе, Польшчы, Чэхаславакіі, Германіі.
Камандзір узвода супрацьтанкавых гармат малодшы лейтэнант І. Строчка вызначыўся ў баях пры фарсіраванні р. Віслы ў раёне Сандаміра. У жніўні 1944 года ўзвод фарсіраваў раку, утрымліваючы захоплены плацдарм, адбіў 5 контратак праціўніка, падбіў 6 танкаў. Падчас бою І. Строчка замяніў параненага камандзіра батарэі і утрымліваў рубеж да прыходу падмацавання.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 23 верасня 1944 г. за мужнасць і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні Віслы і ўтрыманні плацдарма на яе заходнім беразе, малодшаму лейтэнанту Івану Іванавічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медалі «Залатая Зорка».
У 1946 годзе скончыў Вышэйшую афіцэрскую артылерыйскую школу, у 1956 годзе – Ваенную артылерыйскую камандную акадэмію. З 1970 года палкоўнік І. І. Строчка – у запасе. Жыў у Кіеве. Працаваў намеснікам дырэктара Кіеўскага бюро падарожжаў і экскурсій. Памёр 17 студзеня 2001 года.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, медалямі.
ЛІТАРАТУРА
1. Герой артылерыст // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. – С. 225–226.
2. Крачкоўскі, А. Строчкі – роду гераічнага / А. Крачкоўскі // Зара (Бешанковічы). – 2005. – 12 крас. – С. 3.
3. Мядзведская, К. Строчка Іван Іванавіч / К. Мядзведская // Сузор’е беларускага памежжа: беларусы і народжаныя ў Беларусі ў суседніх краінах : энцыклапедычны даведнік / рэдкал.: А. Мальдзіс і інш. – Мінск : Энцыклапедыкс, 2014. – С. 463–464.
4. Строчка Іван Іванавіч // Імёны, асобы, лёсы : ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 268–269.
5. Строчка Іван Іванавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Витебская областная типография, 2007. – С. 158–159.
6. Строчко Иван Иванович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич (пред.) [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 126.
7. Строчко Иван Иванович // Твои сыновья, Беларусь! Герои Советского Союза : биографический справочник / ред. Ю. В. Баженов [и др.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2015. – С. 131–132.