Тамашэўскі Іван Герасімавіч
Тамашэўскі Іван Герасімавіч нарадзіўся 25 лістапада 1918 года ў в. Рудніца Сенненскага раёна. Герой Савецкага Саюза (1944).
Пасля школы скончыў Miнскi архітэктурна-будаўнічы тэхнікум i адначасова аэраклуб. У 1940 годзе скончыў Мелітопальскае ваенна-авіяцыйнае вучылішча.
У Чырвонай Арміі з 1938 года.
У гады Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года на Заходнім, Паўднёва-Заходнім, Сталінградскім, Паўднёвым, 4-м Украінскім франтах. У чэрвені 1941 года – штурман звяна 99-га палка начных бамбардзіроўшчыкаў. Да студзеня 1944 года Іван Герасімавіч зрабіў 581 баявы вылет. 24 чэрвеня 1941 года Тамашэўскі i яго таварышы ўступілі ў бой з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Усім палком узняліся яны ў паветра. Трэба было нанесці бомбавы ўдар па варожых калонах у раёне Маладзечна. Заданне было паспяхова выканана, бомбы, скінутыя з 27 бамбардзіроўшчыкаў, нанеслі вялікія страты захопнікам.
Восенню 1943 года пасля пераможнай бітвы пад Курскам і Белгарадам, нашы войскі паспяхова развівалі наступленне і набліжаліся да Дняпра. Адступаючы, немцы спадзяваліся замацавацца на правым беразе ракі. На адной з пантонных перапраў скапілася вялікая колькасць варожых войскаў. Разбамбіць гэту пераправу – такая задача была пастаўлена перад звяном лёгкіх бамбардзіроўшчыкаў ПО-2, штурманам якога быў Тамашэўскі. Разлік рабіўся на поўную нечаканасць і пахмурнае надвор'е. Выключную дакладнасць разлікаў павінен быў вытрымаць штурман, каб праз суцэльную воблачнасць, усляпую, вывесці на цэль тры самалёты. У выніку разгрому пераправы вялікая групоўка варожых войскаў, што не паспела пераправіцца за Днепр, была ліквідавана.
За гэты подзвіг, за высокае майстэрства штурману звяна Івану Герасімавічу Тамашэўскаму 13 красавіка 1944 года было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
Да студзеня 1944 года гвардыі старшы лейтэнант Тамашэўскі здзейсніў 581 баявы вылет на разведку, бамбардзіроўку і штурмоўку войскаў праціўніка.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Айчыннай вайны 1-й ступені (двойчы), Чырвонай Зоркі (двойчы), медалямі.
З 1955 года маёр запасу Іван Герасімавіч Тамашэўскі жыў у горадзе Жытомір, прымаў актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі.
Памёр 12 снежня 1994 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Ермашкевіч, П. Подзвіг штурмана / П. Ермашкевіч // Голас Сенненшчыны. – 2004. – 23 сак. – С. 2.
2. Ермашкевіч, П. Подзвіг штурмана / П. Ермашкевіч // Голас Сенненшчыны. – 1998. – 14 лiстап. – С. 2.
3. Ермашкевіч, П. І. Подзвіг штурмана / П. І. Ермашкевіч // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С 300–301.
4. Кот, А. Сокал / А. Кот // Віцебскі рабочы. – 1973. – 31 жн. – С. 2.
5. Подзвіг штурмана // Голас Сенненшчыны. – 2014. – 2 ліп. – С. 5.
6. Тамашэўскі Іван Герасімавіч // Яны нарадзіліся на Сенненшчыне : біяграфічны даведнік / склад. А. В. Бараноўскі. – Віцебск : ВДУ імя Машэрава, 2016. – С. 123–124.
7. Томашевский Иван Герасимович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 521.
8. Томашевский Иван Герасимович // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн имя П. Броўкі , 2008. – Т. 7 : Снегирь–Ящерицын. – С. 241–242.
9. Томашевский Иван Герасимович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 132.