Нічыпорчык Андрэй Уладзіміравіч
Нічыпорчык Андрэй Уладзіміравіч – ваенны лётчык, гвардыі маёр. Герой Беларусі (2021), лётчык першага класа.
Нарадзіўся 17 кастрычніка 1987 года ў г. Паставы ў сям'і лётчыка-снайпера. Скончыў авіяцыйны факультэт Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь у 2010 годзе. Быў падрыхтаваны да выканання баявых задач днём і ноччу ва ўсіх метэаралагічных умовах.
З 2016 года служыў інструктарам – рыхтаваў да палётаў на Як-130 маладых пілотаў. З 2017 года прымаў удзел у паветраных парадах, дэманстрацыйных палётах. Неаднаразова ўдзельнічаў у вучэннях і міжнародных конкурсах у Беларусі і за мяжой.
Маёр Андрэй Нічыпорчык быў узнагароджаны медалём «За бездакорную службу» ІІІ ступені за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў.
19 мая 2021 года здарылася трагедыя. Пад Баранавічамі пацярпеў крушэнне ваенны самалёт 116-й гвардзейскай штурмавой авіябазы Як-130. Палёт выконвалі камандзір звяна вучэбна-баявой эскадрыллі маёр Андрэй Уладзіміравіч Нічыпорчык і пілот лейтэнант Мікіта Барысавіч Куканенка. Пры выкананні вучэбна-трэніровачнага палёту экіпаж выявіў тэхнічную няспраўнасць. Праявіўшы мужнасць і гераізм, пілоты цаной свайго жыцця адвялі самалёт ад жылых дамоў.
24 лістапада 2021 года лётчыкам Андрэю Нічыпорчыку і Мікіту Куканенку пасмяротна было прысвоена званне «Герой Беларусі».
Пахаваны Андрэй Нічыпорчык у Лідзе.
Вуліца імя Героя Беларусі маёра Нічыпорчыка з'явілася ў Баранавічах. Імя лётчыка-героя прысвоена піянерскай дружыне сярэдняй школы № 14 г. Ліды. Піянерскай дружыне ДУА «Сярэдняя школа № 13 г. Баранавічы» прысвоена імя лётчыкаў Герояў Беларусі Мікіты Куканенкі і Андрэя Нічыпорчыка.
20 мая 2022 года ў Баранавічах з нагоды першай гадавіны з дня трагедыі быў адкрыты мемарыял у гонар загінуўшых лётчыкаў-герояў. Мемарыяльная дошка размешчана ў Лідзе на доме, дзе жыў Андрэй Нічыпорчык. Яго імя прысвоена сярэдняй школе № 9 г. Ліды. На фасадзе школы размешчана мемарыяльная дошка ў гонар маёра.
17 мая 2024 года ў Баранавічах адкрыта мемарыяльная дошка ў гонар лётчыкаў-герояў. Размешчана яна на доме, які знаходзіцца на скрыжаванні вуліц, названых іх імёнамі.
ЛІТАРАТУРА
1. Алексеевич, С. В. «...Превратились в белых журавлей» / С. Алексеевич // Армия. – 2022. – № 3. – С. 14–15.
2. Арсеньева, С. Поколение сильных / С. Арсеньева // Народная газета. – 2023. – 25 жн. – С. 6. – (Прил.: «Союзное вече. Спецвыпуск. Военное сотрудничество в Союзном государстве»).
3. Дадалка, М. «Наша справа – зрабіць усё, каб народ і дзяржава памяталі іх» / М. Дадалка // Звязда. – 2021. – 18 снеж. – С. 1–2.
4. Жарский, Б. Ничипорчик Андрей Владимирович. Куконенко Никита Борисович / Б. Жарский ; беседовал Н. Мачекин // Герои Беларуси / Н. Мачекин. – Мн.: Беларусь, 2022. – С. 56–63.
5. Канюта, В. Яны сталі Небам... і – Героямі / В. Канюта // Звязда. – 2021. – 25 лістап. – С. 1–2. 6. Крят, Д. Они совершили подвиги, чтобы жизнь продолжалась / Д. Крят, П. Конога // Сельская газета. – 2021. – 18 дек. – С. 2–3.
7. Крят, Д. Твои Герои, Беларусь! / Д. Крят, П. Конога // Рэспубліка. – 2021. – 18 снеж. – С. 1–3. 8. Навечна ў неба адляцелі // Пастаўскі край. – 2021. – 26 мая. – С. 6.
9. Увековечить подвиг // Витебские вести. – 2023. – 21 июля. – С. 21.
10. Чаровская, К. Настоящие офицеры и патриоты / К. Чаровская // Сельская газета. – 2021. – 27 нояб. – С. 7.
СПАСЫЛКІ
Андрей Ничипорчик и Никита Куконенко