Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Багарад Рыгор Абрамавіч

Дата нараджэння
20.07.1914
Месца нараджэння
Віцебская губерня, г. Віцебск
Дата смерці
09.11.1996
Род дзейнасці
удзельнік Вялікай Айчыннай вайны
Гады службы
1942–1945
Воінскае званне
старшы сяржант
Узнагароды і прэміі
ордэн Славы I, II, III ступеняў
ордэн Айчыннай вайны I ступені
медаль «За адвагу»
медаль «За баявыя заслугі»
Ганаровы грамадзянін г. Бірабіджан (2011)

Багарад Рыгор Абрамавіч нарадзіўся 20 ліпеня 1914 года ў Віцебску ў сям'і рабочага.

Скончыў 4 класы мясцовай школы. У 1932 годзе ва ўзросце 18 гадоў Рыгор Багарад пераехаў у г. Бірабіджан. Тут працаваў на лесапільным заводзе, потым працаваў у мясцовым гастраноме.

З 1937 года – у Чырвонай Арміі. З ліпеня 1942 года – на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Ваяваў на 2-м Украінскім фронце. Прымаў удзел у вызваленні Украіны, Румыніі, Венгрыі.

Камандзір аддзялення 92-га асобнага батальёна (81-я гвардзейская дывізія, 24-ы гвардзейскі стралковы корпус, 7-я гвардзейская армія, 2-і Украінскі фронт) гвардыі сяржант Рыгор Багарад на чале групы сапёраў у ноч на 19 лютага 1944 года ў раёне в. Сасоўка (Украіна) падпоўз да бліндажа праціўніка, закідаў яго гранатамі і прыкрыў адыход разведчыкаў. У гэтым баі быў паранены.

За мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, гвардыі сяржант Багарад Рыгор Абрамавіч 27 лютага 1944 года быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.

У ноч на 19 жніўня 1944 года паблізу населенага пункта Улмій Векі (Румынія) Рыгор Багарад зрабіў праход у мінным полі і драцяной агароджы, здабыў каштоўныя звесткі пра яго абарону. 18 верасня 1944 года быў узнагароджаны ордэнам Славы II ступені.

24 кастрычніка 1944 года гвардыі старшы сяржант Багарад на лодцы фарсіраваў р. Ціса (Венгрыя), першым уварваўся ў варожую траншэю, разбіў некалькі варожых салдат. 28 кастрычніка 1944 года пры ўтрыманні плацдарма ў напрамку на паўночны захад ад населенага пункта Федзьвернэк (Венгрыя), камандуючы аддзяленнем, пад агнём усталяваў 87 супрацьтанкавых мін перад пярэднім краем абароны. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі гвардыі старшы сяржант Багарад Рыгор Абрамавіч быў узнагароджаны ордэнам Славы I ступені.

У верасні 1945 года Р. А. Багарад быў дэмабілізаваны. Вярнуўся ў г. Бірабіджан. Працаваў прадаўцом у гастраноме, потым качагарам на мэблевай фабрыцы. З 1976 года жыў на Украіне (г. Хмяльніцкі), пазней выехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Ізраіль.

Поўны кавалер ордэна Славы. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені, медалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі» і інш. Ганаровы грамадзянін г. Бірабіджан.

Памёр Рыгор Абрамавіч 9 лістапада 1996 года.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Богорад Григорий Абрамович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 76.

2. Богорад Григорий Абрамович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 174.

3. Богорад Григорий Абрамович // Твои сыновья, Беларусь! Кавалеры ордена Славы : биографический справочник / Б. Д. Долготович. – Минск : БеЭн імя П. Броўкі, 2014. – С. 39.

4. Гайдуков, К. Впереди идет сапер / К. Гайдуков // Віцьбічы = Витьбичи. – 2017. – 16 дек. – С. 9.

 

СПАСЫЛКІ

arrow  Богорад Григорий Абрамович