Дарошчанка Іван Васільевіч
Дарошчанка Іван Васільевіч нарадзіўся 5 мая 1922 года ў в. Дуброўкі Гарадоцкага раёна ў сялянскай сям'і.
У 1937 годзе пасля заканчэння сямігодкі адправіўся вучыцца ў Грозненскі нафтавы тэхнікум. Працаваў забойшчыкам на шахтах Данбаса.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся на акупаванай тэрыторыі, летам 1942 года пайшоў у партызаны.
Восенню 1942 года быў накіраваны вучыцца ў 1-ю Маскоўскую спецыяльную дыверсійную школу. З мая 1943 года ўдзельнічаў у спецаперацыях па вызваленні блакаднага Ленінграда ў складзе Калінінскай партызанскай брыгады.
У красавіку 1944 года быў прызваны ў Чырвоную Армію. Быў накіраваны ў 72-ю стралковую дывізію і залічаны ва ўзвод разведкі 14-га стралковага палка. Далей увесь баявы шлях І. В. Дарошчанкі прайшоў у складзе гэтага палка. Ваяваў на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах.
12–13 чэрвеня 1944 года ў наступальных баях па прарыве абароны праціўніка каля п. Белавостраў (Ленінградская вобласць) і ў перыяд фарсіравання р. Сястра сяржант Дарошчанка выявіў тры варожыя агнявыя кропкі, якія былі знішчаны палкавой артылерыяй.
Загадам па 72-й дывізіі ад 2 ліпеня 1944 года за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, сяржант Дарошчанка Іван Васільевіч быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.
У лютым 1941 года ў складзе 21-й арміі дывізія, дзе ваяваў Іван Дарошчанка, была перакінута на 1-ы Украінскі фронт і ўдзельнічала ў баях за вызваленне Польшчы. 24 сакавіка 1945 года пад г. Нейсе (Польшча) сяржант Дарошчанка захапіў легкавую машыну і афіцэра сувязі.
Загадам па войсках 21-й арміі ад 12 красавіка 1945 года за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, сяржант Дарошчанка Іван Васільевіч быў узнагароджаны ордэнам Славы II ступені.
4 мая 1945 года ў баях за населены пункт Цабтен (Польшча) старшы сяржант Іван Дарошчанка з войскам знішчыў больш за дзесяць пехацінцаў і ўзяў у палон некалькі афіцэраў праціўніка.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1945 года за ўзорнае выкананне загадаў камандавання ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі старшы сяржант Дарошчанка Іван Васільевіч быў узнагароджаны ордэнам Славы I ступені.
Удзельнік Парада Перамогі ў Маскве 24 чэрвеня 1945 года. У 1946 годзе Іван Дарошчанка быў дэмабілізаваны.
Пасля вайны прымаў удзел у ліквідацыі бандфарміраванняў на тэрыторыі Львоўскай вобласці (Украіна).
Жыў у Гарадку.
Узнагароджаны таксама ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «За службу Радзіме» III ступені, Чырвонай Зоркі, медалямі. Ганаровы грамадзянін г. Гарадок.
Памёр Іван Васільевіч 28 жніўня 2002 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Буевич, Т. Они вынесли на себе все тяготы тех лет / Т. Буевич // Віцьбічы = Витьбичи. – 2014. – 2 июля. – С. 4.
2. Дорощенко Иван Васильевич // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 385.
3. Дорощенко Иван Васильевич // Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.] / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2006. – Т. 3 : Герасименко–Картель. – С. 426.
4. Дорощенко Иван Васильевич // Почетные граждане белорусских городов : биографический справочник / Б. Д. Долготович. – Минск : Беларусь, 2008. – С. 75–76.
5. Дорощенко Иван Васильевич // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 176.
6. Шкленнік, В. Іваны–разведчыкі / В. Шкленнік // Звязда. – 2020. – 20 мая. – С. 1, 6.
СПАСЫЛКІ