Шмея Іван Сцяпанавіч
Шмея Іван Сцяпанавіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1922 года ў Віцебску ў сям'і служачага.
У 1930-я гады сям'я пераехала ў г. Дзяржынск Мінскай вобласці, дзе бацька працаваў старшынёй сельскага Савета. Іван скончыў 10 класаў у Дзяржынску. Працаваў у арцелі.
З ліпеня 1941 года – у Чырвонай Арміі. Каб прызвалі ў армію Іван Сцяпанавіч змяніў год свайго нараджэння (з 1922 на 1921). Ваяваў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на Заходнім, 1-м Прыбалтыйскім, 3-м і 2-м Беларускіх франтах.
Камандзір аддзялення ўзвода пешай разведкі 366-га стралковага палка малодшы сяржант Іван Шмея 6 кастрычніка 1944 года на чале разведгрупы ў 25 км на поўнач ад літоўскага горада Кельме ліквідаваў варожую засаду (7 чалавек).
10 кастрычніка 1944 года ў раёне чыгуначнай станцыі «Шамайткемен» (Літва) малодшы сяржант Іван Шмея гранатамі падарваў дзве варожыя аўтамашыны.
20 кастрычніка 1944 года ён жа сабраў каштоўныя звесткі пра сістэму абароны праціўніка ў раёне ф. Адліг Грос-Плаўшварэн (сёння Калінінградская вобласць).
Загадам па 126-й стралковай дывізіі ад 15 лiстапада 1944 года за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, малодшы сяржант Шмея Іван Сцяпанавіч быў узнагароджаны ордэнам Славы III ступені.
25 студзеня 1945 года камандзір аддзялення ўзвода пешай разведкі 366-га стралковага палка малодшы сяржант Іван Шмея ў раёне населенага пункта Пранітэн (8 км на паўднёвы захад ад сучаснага горада Палеска Калінінградскай вобласці) з групай разведчыкаў пранікнуў у размяшчэнне праціўніка, дзе знішчыў 11 чалавек, узяў у палон нямецкага афіцэра і некалькі салдат.
Загадам па 43-й арміі ад 6 сакавіка 1945 года за мужнасць і адвагу, праяўленыя ў баях, малодшы сяржант Шмея Іван Сцяпанавіч быў узнагароджаны ордэнам Славы II ступені.
Пры штурме сталіцы Усходняй Прусіі (г. Кёнігсберг) ноччу 8 красавіка 1945 года камандзір узвода пешай разведкі 366-га стралковага палка старшына Іван Шмея з групай разведчыкаў у тыле ворага знішчыў два кулямётныя разлікі, 6 аўтаматчыкаў, узяў у палон 42 гітлераўцы, захапіў 21 аўтамат, 30 вінтовак і харчовы склад.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 29 чэрвеня 1945 года за ўзорнае выкананне заданняў камандавання ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі старшына Шмея Іван Сцяпанавіч быў узнагароджаны ордэнам Славы I ступені.
24 чэрвеня 1945 года І. С. Шмея ўдзельнічаў у гістарычным Парадзе Перамогі на Чырвонай плошчы ў Маскве.
У 1946 годзе старшына І. С. Шмея быў дэмабілізаваны. Жыў у г. Дзяржынску Мінскай вобласці. Працаваў старшым інжынерам на заводзе, дырэктарам паляўнічай гаспадаркі. Удзельнічаў у юбілейным Парадзе Перамогі ў Маскве ў 1985 годзе. Зняўся ў дакументальным фільме Канстанціна Сіманава «Ішоў салдат».
Поўны кавалер ордэна Славы. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, «Знак Пашаны», медалямі. Ганаровы грамадзянін Дзяржынскага раёна.
Памёр Іван Сцяпанавіч 30 студзеня 1998 года.
У Дзяржынску на Алеі Герояў усталяваны памятны знак Івану Сцяпанавічу. Яго імем названа вуліца ў гэтым жа горадзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Шмея Иван Степанович // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 612.
2. Шмея Иван Степанович // Слава и гордость земли Витебской : биографический справочник / сост. М. Н. Пригожий ; редкол.: М. П. Кузьмич [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2009. – С. 187.
3. Шмея Иван Степанович // Твои сыновья, Беларусь! Кавалеры ордена Славы : биографический справочнік / Б. Д. Долготович. – Минск : БеЭн. імя П. Броўкі, 2014. – С. 52.
4. Шмея Іван Сцяпанавіч // Памяць: Дзяржынскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.] ; уклад. А. І. Валахновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БЕЛТА, 2004. – С. 397–398.
5. Явіч, Я. У сэрцах – памяць / Я. Явіч // Літаратура і мастацтва. – 2015. – № 18 (8 мая). – С. 9.
СПАСЫЛКІ