Арцімовіч Станіслаў Іосіфавіч
Арцімовіч Станіслаў Іосіфавіч нарадзіўся 13 сакавіка 1897 года ў в. Орцы Мёрскага раёна. Мастак, краязнаўца.
Скончыў двухкласнае народнае вучылішча. З дзяцінства любіў маляваць. У 1910 годзе разам з бацькам выехаў у г. Пецярбург, наведваў курсы малявання пры Акадэміі мастацтваў. Пасля грамадзянскай вайны вярнуўся на радзіму, працаваў у гміне, дзе складаў планы, схемы, карты. Пастаянна займаўся маляваннем, разьбой па дрэве.
Яго творчасці ўласціва шматжанравасць – партрэты, нацюрморты, пейзажы, карціны на біблейскую, міфалагічную і гістарычную тэматыкі. Яго творчая спадчына складае каля 200 работ. У карцінах «Вясна», «Ранняя зіма», «Букет кветак» – цудоўнае пачуццё колеру, рэалізму, мяккі каларыт. У карціне «Паляванне на львоў» адчуваецца ўплыў рамантызму; асаблівасці еўрапейскай мастацкай школы ХІХ ст. прасочваюцца ў карціне «Хрыстос у цярновай кароне». Псіхалагізм, паглыбленасць сюжэта ўласцівы скульптурам «Смуткуючы Хрыстос», «Сэрца Хрыста».
Станіслаў Арцімовіч таксама займаўся краязнаўствам, запісваў мясцовыя легенды, паданні, склаў нарыс па гісторыі Мёршчыны (застаўся ў рукапісе). З 1944 года жыў у Польшчы.
Памёр Станіслаў Іосіфавіч 14 студзеня 1974 года.
Карціна «Паляванне на львоў» знаходзіцца ў музеі сярэдняй школы № 3 г. Мёры.
ЛІТАРАТУРА
1. Арцімовіч Станіслаў Іосіфавіч // Імёны. Асобы. Лёсы: ураджэнцы Віцебшчыны ў далёкім і блізкім замежжы / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2012. – С. 22–23.
2. Арцімовіч Станіслаў Іосіфавіч // Нашы землякі ў далёкім і блізкім замежжы : біяграфічны даведнік / М. П. Кузьміч, М. І. Сцепаненка. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2007. – С. 14.
3. Арцімовіч Станіслаў Іосіфавіч // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – С. 525.
СПАСЫЛКІ