Асіпкова Ганна Савельеўна
Ганна Савельеўна Асіпкова нарадзілася 2 студзеня 1938 года ў в. Гурэц Чашніцкага раёна.
Маленькую ўнучку выгадавалі і выпусцілі ў жыццё бабуля з дзядулем. Самым вялікім аўтарытэтам для маленькай сельскай мастачкі быў дзядуля. Менавіта дзеда Івана Якаўлевіча майстрыха лічыць «першым і галоўным універсітэтам». Ён паказаў ёй, як выразаць лыжкі, міскі з дрэва, навучыў тонка адчуваць матэрыял. А калі дзяўчынцы захацелася ведаць і ўмець больш, родныя параілі не адмаўляцца ад мары.
У 1961 годзе скончыла мастацка-графічны факультэт Віцебскага педінстытута, а пасля Ганна Савельеўна ўсё жыццё выкладала маляванне і чарчэнне ў школе. Спачатку ў Казахстане, на Каўказе, куды адправілася ўслед за мужам. Калі вярнулася на радзіму, працавала ў Красналуцкай, затым у Качынскай школе. Яе нестандартныя ўрокі дзеці вельмі любілі.
Галоўная тэма яе работ – сельскія і хрысціянскія матывы, беларускія абрады, народныя казкі. Гэта не проста выразаныя з дрэва элементы, але і паўнавартасныя шматфігурныя скульптурныя кампазіцыі ў чалавечы рост.
Больш за 60 самых значных работ былая вясковая настаўніца Ганна Асіпкова бясплатна перадала Чашніцкаму гістарычнаму музею.
Ганну Асіпкову сёння ведаюць у ЗША, Швецыі, Францыі і нават Японіі. Пра яе яшчэ ў часы СССР пісалі «Известия» і «Правда». Цудоўныя работы самабытнага аўтара, сапраўдныя шэдэўры, можна знайсці ў многіх краінах свету. Як, дарэчы, і незвычайныя карціны, створаныя ёю.
Кожнага заварожваюць скульптуры майстра, прысвечаныя порам года і працы людзей – скульптуры «Хлеб», «Пастушок», «Восень». Экспрэсіўныя кампазіцыі з дрэва на бытавыя тэмы: «Ля студні», «Чужая», «Дазвольце звярнуцца», «Ля люстэрка», «Вясёлая размова». Вялікую цікавасць выклікаюць скульптурныя кампазіцыі, прысвечаныя дзецям, у большасці на тэмы казак: «Ладушкі-ладушкі», «Рыбачок», «Алёнушка і братка Іванушка», «Казка аб мёртвай царэўне і сямі волатах», «Ліса і журавель», «Дзед Мазай і зайцы». Захапляюць рэалістычнасцю і прыгажосцю кампазіцыі «Ля Лукамор'я дуб зялёны», «Любіць – не любіць», «Запявала», «Купалле», «Дрэва жыцця», «Гусі-лебедзі», «Папрадуха».
Ёсць у мастачкі творы на біблейскія тэмы: «Дзева Марыя», «Дрэва жыцця, або Адам і Ева».
Піша Ганна Савельеўна і карціны – акварэллю і гуашшу.
Працуючы над сваімі творамі, Ганна Савельеўна ніколі не думала і не марыла аб славе, аб прызнанні. Гэта было патрабаванне душы. Але прызнанне прыйшло само. Яе скульптуры выстаўляліся на абласной і рэспубліканскай выставах, а таксама ў Маскве і далёкім замежжы – Францыі, Канадзе, Балівіі. Атрымала Ганна Савельеўна званне «Народны майстар». Пра яе знялі фільм.
Як сцвярджаюць спецыялісты, Ганна Савельеўна – адзіная ў Еўропе жанчына, якая дасканала авалодала разьбой па дрэве.
Жыве ў в. Млын Чашніцкага раёна.
ЛІТАРАТУРА
1. Голесник, С. Аура дерева / С. Голесник // Советская Белоруссия. – 2010. – 26 марта. – С. 8.
2. Дзеячы культуры і навукі – ураджэнцы Чашніччыны // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – С. 138–149.
3. Красічкава, А. Лясная казка / А. Красічкава // Літаратура і мастацтва. – 1981. – 2 студз. – С. 14–15.
4. Пушнякова, А. Роспись и обереги в подарок / А. Пушнякова // Витебские вести. – 2019. – 23 марта. – С. 10.
5. Стукалова, Н. Золотые руки Осипковой / Н. Стукалова // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2019. – 15 студз. – С. 1.
6. Стукалова, Н. Подарить свою любовь / Н. Стукалова // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2019. – 22 студз. – С. 5.
7. Телятко, Е. Судьбы простое полотно / Е. Телятко // Витебские вести. – 2017. – 18 марта. – С. 9.
8. Торбіна, І. Драўляная казка Ганны-ўмеліцы / І. Торбіна // Літаратура і мастацтва. – 2010. – 15 студз. – С. 16.
9. Торбіна, І. Урокі прыгажосці ад Ганны Асіпковай / І. Торбіна // Настаўніцкая газета. – 2019. – 9 лют. – С. 21.
СПАСЫЛКІ