Барздыка Міхаіл Фёдаравіч
Барздыка Міхаіл Фёдаравіч нарадзіўся 14 студзеня 1944 года ў в. Шклянцы Бярозкаўскага сельсавета Докшыцкага раёна. Беларускі графік. У 1949 годзе сям'я пераехала ў г. п. Плешчаніцы.
М. Ф. Барздыка скончыў архітэктурны факультэт Беларускага політэхнічнага інстытута (1973) і выкладаў у ім. 3 1975 года супрацоўнічае з беларускімі выдавецтвамі. У 1986 годзе скончыў Маскоўскі паліграфічны інстытут.
Працуе ў станковай (пераважна афорт), кніжнай графіцы. Творчасць адметная спалучэннем філасофскага разумення жыцця і лірычнай інтэрпрэтацыі (дыптых «Воблакі і камяні», 1988; «Метамарфозы», 1992; «Варыяцыі на тэму восені», 1994; «Падабенства», 1995; і інш.). Творы мастака захоўваюцца ў музеях Беларусі, Венгрыі, ЗША, Італіі, Расіі, Францыі.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1976 года. Яго творы адзначаны сярэбраным медалём на XXII Міжнародным салоне ў Бельгіі (1992) і залатым медалём Еўрапейскай акадэміі мастацтваў (1993). Кніга «Нетры», аформленая ім, на Франкфурцкім кніжным кірмашы 2005 года ўвайшла ў лік 100 лепшых кніг свету, а выданне «Палын. Чарнобыль» (2006) атрымала на Міжнародным конкурсе ў Бельгіі залаты медаль.
Член Беларускага саюза мастакоў з 1990 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Барздыка Міхаіл Фёдаравіч // Беларускі саюз мастакоў = Belarussian Union of Artists : энцыклапедычны даведнiк / аўт.-склад. Б. А. Крэпак і інш. – Мінск : Кавалер Паблішэрс, 1998. – С. 53.
2. Барздыка Міхаіл Фёдаравіч // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 618.
3. Сенатарава, Н. Рарытэты нацыянальнага кнігавыдання / Н. Сенатарава // Маладосць. – 2008. – № 8. – С. 130–135.