Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Драздовіч Язэп Нарцызавіч

Дата нараджэння
13.10.1888
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, з. Пунькі
Дата смерці
15.08.1954
Род дзейнасці
мастак
Спецыялізацыя
скульптура, жывапіс, графіка

Язэп Нарцызавіч Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў з. Пунькі Віленскай губерні (зараз Глыбоцкі раён) у збяднелай шляхецкай сям'і. У гэтым маляўнічым куточку на ўскрайку Галубіцкай пушчы прайшло дзяцінства будучага мастака. 3 1906 па 1910 гг. вучыўся ў Віленскай мастацкай школе прафесара жывапісу I. Трутнева. Потым працаваў мастаком-дэкаратарам у «Беларускай хатцы», Беларускім дзяржаўным тэатры. Арганізаваў культурна-асветніцкае таварыства «Заранка» (1918), якое адкрыла школы, аматарскі тэатр, бібліятэку; выкладаў малюнак у беларускай гімназіі і жаночай прагімназіі, супрацоўнічаў з літаратурнымі выдавецтвамі як ілюстратар. Я. Драздовіч быў заснавальнікам мастацкай студыі пры Віленскай беларускай гімназіі (1927). У Вільні ён зрабіў першыя самастойныя крокі ў мастацтве – графічныя работы з краявідамі родных мясцін («Трызна мінуўшчыны», «Дух зямлі», «Брама будучыні» і інш.). Ён аформіў вокладкі кніг «Беларускі каляндар на 1910 год», «Курганная кветка» К. Буйло (1914), «Школьны спеўнік» А. Грыневіча (1920).

Я. Драздовіч быў адным з першых мастакоў, які ўвасобіў у выяўленчым мастацтве Беларусь, яе культуру і гісторыю. Ён стварыў графічную серыю «Старажытная будоўля на Беларусі», цыклы, прысвечаныя замкаваму дойлідству Беларусі і Літвы («Мір», «Крэва», «Ліда», «Гальшаны», «Навагрудак і навагрудцы», «Меднікі», «Трокі»); партрэты полацкіх і смаленскіх князёў («Князь Рагвалод – дзед князёў полацкіх», «Князь Усяслаў Чарадзей», «Князь Брачыслаў», «Князь Барыс-каменякоў»); партрэты славутых гістарычных асоб: магната К. Сапегі, вялікага гетмана К. Астрожскага, пісьменнікаў А. Міцкевіча, У. Сыракомлі, Ф. Багушэвіча, Я. Купалы. Шэраг работ Я. Драздовіч прысвяціў знакамітаму беларускаму першадрукару Ф. Скарыне («Францыск Скарына. Развітанне з родным Полацкам, або «У свет па навуку», «Са свету з навукай», «Друкарня Францішка Скарыны ў Вільні ў 1525 годзе»). Вобразы родных краявідаў адлюстраваны ў графічнай серыі «Дзісеншчына» («Стадолішча», «Вёска Лаўрынаўка», «Тараватка», «Пунькі», «Александрыя» і інш.). Асобную групу складаюць творы з сімволіка-алегарычнымі вобразамі («Мужык з панам цягаецца», «Дух цемры» і інш.). Творы вызначаюцца мастацкай завершанасцю, пранікнённасцю. У кожнай рабоце – пяшчота і любоў да родных мясцін, да сваёй радзімы, гонар за яе сыноў, за гераічнае мінулае. Найбольш ярка мастацкі талент Я. Драздовіча быў рэалізаваны ў жывапісных і графічных творах на фантастычныя касмічныя тэмы. Ім створаны серыі «Жыццё на Марсе», «Жыццё на Сатурне», «Жыццё на Месяцы», «Космас» і інш. Арыгінальнае ўяўленне мастака дазволіла яму зазірнуць у далёкі і невядомы, загадкавы, таямнічы свет, стварыць сваю структуру і форму незямнога жыцця. Цікавая грань яго таленту – працы дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва: маляваныя дываны, разьбяныя скрыначкі і інш. Як скульптар Я. Драздовіч стварыў бюсты Ф. Скарыны, тэматычны твор «Плач Гарыславы», барэльефы А. Грыневіча, М. Машары, Я. Пачопкі, а таксама сваёй маці.

На працягу ўсяго свайго жыцця мастак часта вандраваў па Піншчыне і Дзісеншчыне. Ён запісваў фальклор і апрацоўваў народную лексіку для слоўнікаў, прымаў удзел у выданні беларускіх казак, народных песень, складаў альбомы з узорамі беларускіх тканін. У канцы 1930-х гадоў Я. Драздовіч праводзіў археалагічныя раскопкі, рабіў накіды старажытных паселішчаў і гарадзішчаў. Вынікам гэтай працы з'явіўся яго рукапіс «Дзісенская дагістарычная старына», па якому сёння беларускімі археолагамі знойдзена больш за 20 гарадзішчаў. Мастацкая, фальклорная, археалагічная дзейнасць творцы перамяжоўвалася з літаратурнай працай. Яго вершы і допісы змяшчаліся на старонках друку, а ў 1923 г. у Вільні выйшла кніга «Вар'ят без вар'яцтва, або Вялікая шышка» пад псеўданімам Я. Нарцызаў. Я. Драздовіч з'яўляецца аўтарам навукова-папулярнай брашуры «Нябесныя бегі» (1931). Найбольш значны яго твор – паэма «Трызна мінуўшчыны», прысвечаная старажытнай Полаччыне. У Цэнтральнай бібліятэцы Акадэміі навук Літвы захоўваюцца рукапісы яго фантастычных твораў «Алвазія», «Адрыянопаліс», «У Мурах Трывежу» і інш.

У гісторыі беларускай культуры першай паловы XX ст. дастойнае месца займае імя Язэпа Драздовіча. Яго творчасць мае адметны характар: яна ўнікальная і традыцыйная, наіўная і мудрая, рэалістычная і сімвалічная. Я. Драздовіч быў не толькі непаўторным мастаком-графікам, скульптарам і жывапісцам, але і пісьменнікам, разьбяром па дрэве, збіральнікам фальклору, археолагам, настаўнікам.

Памёр 15 жніўня 1954 года.

У Мінску на вуліцы Багдановіча Я. Драздовічу ўстаноўлены помнік (скульптар Голубеў І.). Яго імем названы Германавіцкі музей мастацтва і этнаграфіі (Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці).

 

ЛІТАРАТУРА

1. Багданава, Г. Касмічныя хронікі Язэпа Драздовіча / Г. Багданава // Бярозка. – 2002. – № 2. – С. 24–25.

2. Бяганская, А. Язэп Драздовіч: мастак і вандроўнік / А. Бяганская // Бібліятэка прапануе. – 2003. – № 5. – С. 3–7.

3. Вайткун, А. Белорусский Леонардо, или Небесные беги Язэпа Дроздовича / А. Вайткун // Народная газета. – 2008. – 10 кастр. – С. 1, 20.

4. Вакар, Л. Пра мужыцкасць Фердынанда Рушчыца і шляхетнасць Язэпа Драздовіча, або Пра складнікі беларускай нацыянальнай традыцыі і яе мастацкае ўвасабленне / Л. Вакар // Мастацтва. – 2000. – № 2. – С. 23–29.

5. Габрусь, Т. Зорны шлях вечнага вандроўніка: да 120-годдзя Язэпа Драздовіча / Т. Габрусь // Роднае слова. – 2008. – № 10. – С. 98–101.

6. Горава, Г. Генезіс снабачанных вобразаў космасу Язэпа Драздовіча : пераклад з рускай мовы / Г. Горава // Роднае слова. – 2016. – № 4. – С. 86–90.

7. Коўрык, А. Праламленне мастацкіх традыцый у маляванках Язэпа Драздовіча / А. Коўрык // Мастацтва. – 2003. – № 3. – С. 19–20.

8. Ліс, А. С. Вечны вандроўнік : нарыс / А. С. Ліс ; [маст. М. М. Купава]. – Мінск : Юнацтва, 1984. – 253 с.

9. Ліс, А. Драздовіч Язэп Нарцызавіч / А. Ліс, А. Майсяёнак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1996. – Т. 3 : Гімназіі–Кадэнцыя. – С. 275–277.

10. Малаш, Ю. Язэп Драздовіч – вандроўнік, мастак, гісторык / Ю. Малаш // Беларускі гістарычны часопіс. – 1999. – № 2. – С. 78–82.

11. Скрабатун, У. Самым вядомым «Дармаедам» – усіх часоў – быў Язэп Драздовіч / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2017. – 16 лют. – С. 4.

12. Усава, Н. Матывы і вобразы графікі Язэпа Драздовіча / Н. Усава // Роднае слова. – 1998. – № 10. – С. 160–165.

13. Харэўскі, С. Курганныя кветкі Драздовіча / С. Харэўскі // Мастацтва. – 2015. – № 6 – С. 46–47.

14. Цыбульскі, М. Л. Драздовіч Язэп Нарцызавіч / М. Л. Цыбульскі // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 6 : Дадаізм–Застава. – С. 194–195.

15. Язэп Драздовіч // Мастацкая культура Віцебскага Паазер'я / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. – Мінск : БелЭн, 2005. – С. 294–297.

16. Язэп Драздовіч // Сто асоб беларускай гісторыі : гістарычныя партрэты / А. Мяснікоў. – Мінск : Литература и искусство, 2008. – С. 205–207.

17. Язэп Драздовіч : альбом-манаграфія / уклад. М. Купава ; рэд. рада: У. Басалыга [і інш.] – Мінск : Беллітфонд, 2002. – 179 с.

18. Язэп Драздовіч. Праз церні да зорак: успаміны, артыкулы, прысвячэнні, мастацкія творы / уклад. М. Казлоўскі. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2014. – 543 с.

19. Язэп Драздовіч: «Прыйдзе час...»: да 120-годдзя з дня нараджэння мастака / пад рэд. М. Цыбульскага. – Смаленск : Зубр, 2008. – 230 с.

20. Язэп Драздовіч = Язеп Дроздович = Yazep Drozdovich / [аўт. тэксту Н. М. Усава ; склад.: Н. М. Усава, В. А. Архіпава]. – 2-е выд., дап. – Мінск : Беларусь, 2013. – 43 с., [25] л., іл.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Местечко Германовичи: здесь жил и творил Язеп Дроздович — белорусский Леонардо да Винчи

arrow По следам вечного путешественника Язепа Дроздовича

arrow Язэп Драздовіч, якім яго ведаюць на Глыбоччыне