Дзёмкіна Вольга Васільеўна
Дзёмкіна Вольга Васільеўна нарадзілася 30 красавіка 1953 года ў в. Забаенне Чашніцкага раёна.
Вольга Дзёмкіна – беларускі майстар дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Пасля пяці класаў Красналуцкай школы Вольга паехала вучыцца ў рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве імя Ахрэмчыка, якую скончыла ў 1977 годзе. Затым прадоўжыла навучанне ў Мінскім тэатральна-мастацкім інстытуце на аддзяленні тканін і мадэліравання. А пасля скончыла аспірантуру пры Акадэміі мастацтваў Рэспублікі Беларусь.
У Беларусі Вольга Дзёмкіна працавала як габеленшчыца і як мастак, мела персанальную выставу ў Нацыянальным гістарычным музеі. Яна стварала першыя касцюмы легендарным «Песнярам». Габелены, якія стварыла Вольга Дзёмкіна: «Сіротка»; занавес сцэны ў Нясвіжскім палацы культуры (72 м2); габелен плошчай 175 м2 і 75 м2 у саўгасе «Белавежскі» пад Камянцом; габелен «Рагнеда» ў Заслаўскім краязнаўчым музеі; габелены ў Нацыянальным гістарычным музеі.
У тэхніцы габелену таксама стварала творы на тэму беларускай мінуўшчыны – «Рэха» (1977), «Песня з мінулых стагоддзяў» (1978), «Ветразь свету» (1986), «На строме часу» (1986), «Малітва» (1992), чарнобыльскай трагедыі – «Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесся», «Крыніца часу» (1989), «Узыходжанне» (1990), «Зорка палын» (1991), «Таямніца святла» (1995), космасу і сусвету – «Пакланіцеся зоркам» (1992), «Песня вятроў» (1996). У работах «Дажынкі», «Гуканне вясны», «Купалле», «Паганскія сімвалы», «Гімн лілеям» (усе 1990) тактоўная спроба расшыфраваць знакавую сістэму беларускіх арнаментаў. Стварыла сцэнарныя касцюмы для ансамбляў «Песняры», «Жалейка», «Зорачка», «Купалінка» і інш.
Вольга Дзёмкіна таксама адраджала кафедру «Габелен і мадэляванне» ў Акадэміі мастацтва, была яе загадчыцай.
Выйшла замуж за француза, жыве на радзіме мужа і там плённа працягае творчую кар'еру, выяўляючы сябе менавіта беларускай мастачкай. Габелен Дзёмкінай «Панадпрыпяцкая завіруха» ўпрыгожвае беларускае пасольства ў Парыжы. Ёй падуладны і жывапіс, і тэхніка італьянскай фрэскі.
Яна не парывае сувязь з землякамі. Вольга Васільеўна наведвае свой любімы чашніцкі куток. Яе роднае Забаенне – вёска з трох частак. У адной – яна нарадзілася, і тут жыве сяброўка яе маленства. У другой, дзе стаяла Забаенская васьмігодка, – Дзёмкіна вучылася. У трэцяй – сяліба яе роднай цёткі, маці-гераіні Соф'і Аўхімаўны Крывалап.
У Красналуках зараз захоўваюцца тры работы Вольгі Дзёмкінай: партрэты яе маці і бацькі і эскіз песняроўскіх касцюмаў. Ёсць аўтарытэтныя французскія выданні з артыкуламі пра мастачку, фота розных перыядаў яе жыцця. У Красналуцкай школе збіраюць матэрыялы для прысвечанай ёй экспазіцыі.
Зараз Вольга Дзёмкіна працуе над маштабным праектам «Мадонны пяці кантынентаў», а таксама над габеленам для Нясвіжскага палацава-паркавага ансамбля, прысвечаным яго заснавальніку Мікалаю Крыштафу Радзівілу (Сіротцы).
Вольга Васільеўна ўзнагароджана двума залатымі медалямі міжнароднай акадэміі мастацтва і літаратуры «Лютэс» у Парыжы, дыпломам Нацыянальнай асамблеі Францыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Александровіч, Ю. Спатканне з Радзімай / Ю. Александровіч // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2001. – 20 студз. – С. 2.
2. Багданава, Г. Пачуць голас душы / Г. Багданава // Маладосць. – № 2. – С. 64–65.
3. Дзеячы культуры і навукі – ураджэнцы Чашніччыны // Гістарычна-краязнаўчы курс «Наша Чашніччына». Чашніказнаўства / В. В. Грыбко. – Мінск : Медисонт, 2007. – С. 138–149.
4. Іоннікава, Н. Р. Прамяністае святло таленту / Н. Р. Іоннікава // Чырвоны прамень (Чашнiкi). – 2005. – 12 сак. – С. 3.
5. Кавалёў, В. Гімн жанчынам Палесся / В. Кавалёў // Літаратура і мастацтва. – 2009. – 13 лют. – С. 2.
6. Міхно, У. Сцяжынкамі мастачкі / У. Міхно // Чырвоны прамень (Чашнікі). – 2006. – 26 верас. – С. 3.
7. Фатыхава, Г. Зорка палын / Г. Фатыхава // Літаратура і мастацтва. – 1996. – 26 крас. – С. 4.
8. Шпакоўская, Г. Мадам Пассо з Забаення / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2008. – 25 верас. – С. 9.
9. Шпакоўская, Г. На Бацькаўшчыну з Францыі / Г. Шпакоўская // Народнае слова. – 2010. – 10 крас. – С. 16.
10. Шпакоўская, Г. Падарунак ад зямлячкі / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2014. –11 нояб. – С. 1.