Філіпаў Аляксандр Іванавіч
Філіпаў Аляксандр Іванавіч нарадзіўся 4 ліпеня 1932 года ў Віцебску. Беларускі мастак.
У 1961 годзе скончыў Віцебскае мастацка-графічнае вучылішча, у 1968 годзе – мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава. Вучыўся і працаваў акампаніятарам і кіраўніком танцавальнага гуртка (1958–1960). З 1960 года працаваў выкладчыкам гуртка акардэаністаў і баяністаў. Стварыў ансамбль баяністаў, з якім выступаў на ўсіх аглядах і конкурсах Віцебска і Мінска (1960–1970). Працаваў мастаком на фабрыцы бытавых паслуг (1971–1973), мастаком-афарміцелем мастацка-вытворчых майстэрняў (з 1973). З 1980 года выкладаў у Віцебскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя С. М. Кірава на кафедры выяўленчага мастацтва. З 2014 года – член Беларускага саюза мастакоў.
Працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Асноўнае месца ў творчасці належыць напісаным з натуры лірычным краявідам. Палотнам мастака ўласцівы рэалістычная манера выканання і эмацыянальная выразнасць вобразаў.
Сярод твораў: «Санкт-Пецярбург», «Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр» (2003), «Блакадны Ленінград (Белыя ночы)», «Мелодыі Санкт-Пецярбурга», «Трывога» (2004), «Полацкі матыў», «Вераснёўскі матыў» (2006), «Мячэць у Мармарысе» (2008), «Полацк. Сафійскі сабор» (2009), «Вечар на куццю», «Палаючы вечар у старым Віцебску» (2010), «Захад у старым горадзе», «Куток старога Віцебска» (2011), «Паводка ў старым Віцебску» (2012), «У старым Віцебску», «Стамбул», «Стары Віцебск. Зіма» (2013), «Гераічны Ленінград», «Дворык старога Віцебска» (2014) і інш.
Творы аўтара знаходзяцца ў прыватных калекцыях Германіі, ЗША, Ізраіля, Польшчы.
Памёр Аляксандр Іванавіч 28 ліпеня 2018 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Філіпаў Аляксандр Іванавіч // Віцебскі дзяржаўны універсітэт імя П. М. Машэрава: Падзеі. Людзі. Лёсы / рэдкал.: А. У. Русецкі [і інш.]. – Віцебск : [Віцебскі дзяржаўны універстэт], 1998. – С. 185.
СПАСЫЛКІ