Ганчароў Мікола (Мікалай) Іванавіч
Ганчароў Мікола (Мікалай) Іванавіч нарадзіўся 8 мая 1934 года ў в. Заполле Віцебскага раёна. Беларускі графік, мастацтвазнавец, пісьменнік. Скончыў Маскоўскі паліграфічны інстытут у 1959 годзе. Працаваў на радыё, у інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі i фальклору НАН Беларусі, з 1963 года – галоўны мастак Дзяржкамвыда Беларусі.
Аформіў кнiгi «Жывапіс Беларусі» (1980), «Янка Купала ў творчасці мастакоў» i «Якуб Колас у творчасці мастакоў» (1982), «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII–ХVIII стст.» (1984, усе разам з Г. М. Галубовічам), «Беларускія мастакі пра Вялікую Айчынную вайну» (1985; складальнік i аўтар тэксту), «Беларуская кніжная графіка» (1987), «Беларускі палітычны плакат» (1989; складальнік i аўтар тэксту, з Галубовічам) i iнш.
Аўтар зборнікаў вершаў i казак «Веснавая завязь» (1962), «Мішка-пілот» (1966), «Карусель» (1971), «Касмалёт» (1979), «Зямля ў квецені» (1983), «Касманаўтам быць хачу» (1984) i інш., мастацтвазнаўчых даследаванняў пра беларускіх мастакоў. Пісаў на рускай i беларускай мовах.
Памёр 25 лістапада 1991 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Ганчароў Мікалай Іванавіч // Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. / рэдкал.: І. Э. Багдановіч [і інш.] ; маст. рэд. В. Г. Загародні. – Мінск : БелЭн, 1994. – Т. 2 : Верабей–Іваноў. – С. 110–112.
2. Ганчароў Мікалай Іванавіч // Памяць: Віцебскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: А. П. Красоўскі [і інш.] ; уклад. У. І. Мезенцаў ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – С. 704.
3. Соболь, В. Шчырасць, дабрыня / В. Соболь // Віцебскі рабочы. – 1994. – 14 мая. – С. 3.