Ісаёнак Марыя Іванаўна
Ісаёнак Марыя Іванаўна нарадзілася 25 кастрычніка 1949 года ў в. Кісялі Гарадоцкага раёна. Беларуская мастачка.
У 1964–1965 гг. вучылася ў мастацкай студыі пры Доме піянераў у Віцебску. У 1969 годзе скончыла Мінскае мастацкае вучылішча (зараз Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава). У 1974–1976 гг. працавала мастаком-дэкаратарам на кінастудыі «Беларусьфільм».
З 1985 года – член Беларускага саюза мастакоў. Працуе ў жанры станковага жывапісу. З 1975 года ўдзельнічае ў выставах.
Творчасць Марыі Іванаўны Ісаёнак – адна з прыкметных з'яў у сучасным беларускім мастацтве. Мастачка тонка ўспрымае стан прыроды, імкнецца да выяўлення гармоніі чалавека з навакольным асяроддзем і па-майстэрску перадае ўласныя ўражанні ў стрыманай каляровай гаме.
Сярод твораў: «Восеньскія грыбы» (1977), «У новай майстэрні» (1983), «Нацюрморт са шклом» (1989), «Жанчына з бульбай» (1991), «Пахаванне бацькі» (1993), «Змрок», «Светлы ўспамін», «Залаты век», «Нацюрморт з чорным вінаградам», «Нацюрморт з птушкай», «Нацюрморт з жоўтымі кветкамі», «Зялёны інтэр'ер», «Машына "Зінгер"» і інш.
Карціны Марыі Іванаўны на працягу 2002–2004 гг. дэманстраваліся на выставах у розных гарадах Італіі, дзе яе назвалі «каралевай нацюрморта». Выстаўкі мастачкі арганізоўваліся таксама ў Літве (Вільнюс, 2003), у Мінску – у Музеі сучаснага мастацтва і Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, а таксама ў іншых гарадах.
Творы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, фондах Міжнароднай канфедэрацыі Саюза мастакоў (Масква), Беларускага саюза мастакоў, у Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўным мастацкім музеі г. Чунціна (КНР), у прыватных калекцыях Беларусі, Расіі, Англіі, Германіі, Ізраіля, Італіі, Літвы, Нідэрландаў, Польшчы, ЗША, Кітая.
Жыве ў Мінску.
ЛІТАРАТУРА
1. Ісаёнак Марыя Іванаўна // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 720.
2. Кот, С. Яго вялікасць Нацюрморт / С. Кот // Витебский проспект. – 2009. – 29 окт. – С. 3.
3. Краўцоў, М. Калейдаскоп нацюрмортаў / М. Краўцоў // Гарадоцкi веснік. – 2005. – 5 сак. – С. 1.
4. Малашэня, Л. Квітнеючыя сусветы мастачкі / Л. Малашэня // Витебские вести. – 2016. – 12 нояб. – С. 7.
5. Фатыхава, Г. А. Ісаёнак Марыя Іванаўна / Г. А. Фатыхава // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 1998. – Т. 7 : Застаўка–Кантата. – С. 327.
СПАСЫЛКІ