Хадасевіч-Лежэ Надзея Пятроўна
Хадасевіч-Лежэ Надзея Пятроўна нарадзілася 5 лістапада 1904 года ў в. Асецішча Докшыцкага раёна. Французская мастачка. У гады 1-й Сусветнай вайны сям'я Хадасевічаў знаходзілася як бежанцы ў Горным (Украіна), потым Бялёве (Тульская вобласць, Расія). Там наведвала школу, мастацкі і балетны гурткі. Потым стала студэнткай Вышэйшых дзяржаўных мастацкіх майстэрняў у Смаленску, дзе выкладаў К. Малевіч. Яго складаная ідэалістычная філасофія, тэорыя аб канцы жывапісу былі незразумелыя Н. Хадасевіч, але яе захаплялі рэвалюцыйныя настроі, што актуалізаваліся і ў мастацтве.
Захапіўшыся творчасцю французскага жывапісца і графіка Фернана Лежэ, вырашыла пераехаць у Францыю. Аднак жыццёвыя абставіны прымусілі некалькі гадоў правесці ў Варшаве, дзе працавала кухаркай, прыбіральшчыцай, нянькай, мадысткай у капялюшным атэлье. У 1921–1924 гг. вучылася ў школе прыгожых мастацтваў у Варшаве. У хуткім часе выехала ў Парыж, працягвала вучобу ў Акадэміі жывапісу Ф. Лежэ (1924–1929). Выдавала часопіс «Сучаснае мастацтва» (на французскай і польскай мовах). Удзельніца руху Супраціўлення (1940–1944). Пасля вайны выйшла замуж за Ф. Лежэ.
Надзея Пятроўна Хадасевіч-Лежэ працавала ў манументальным і станковым жывапісе, манументальна-дэкаратыўным мастацтве. У яе творчасці нязменна праглядаецца ўсхваляваная душа маленькай беларускай дзяўчынкі, у сэрца якой на ўсё жыццё запалі ашаламляльныя фарбы прыроды. Праз колер мастачка адлюстроўвала яе сутнасць. Колерам адметныя яе супрэматысцкія карціны, створаныя ў юнацтве, у 1920-я гады, навеяныя космасам і ідэямі пранікнення чалавека ў сусветную прастору. У выразных пластыкай колеру аўтапартрэтах мастачкі адлюстравана яе славянская прырода. Колерам прамяняцца мазаікі, якія праслаўляюць славутых людзей ХХ ст.
Аўтар мазаічных партрэтаў Ю. Гагарына, Ж. Дзюкло, М. Кашэна, Н. Крупскай, У. Маякоўскага, М. Тарэза, герояў 2-й Сусветнай вайны, дзеячаў культуры, кампазіцый для аэрапортаў у Парыжы і Вашынгтоне. Сярод жывапісных работ: «Пачатак руху (Узлёт-1)» (1922–1968), «Нацюрморт з вазай» (1925), «Аўтапартрэт» (1941), «Зоя», «Таджыкскія музыканты», «Калгасніцы» і інш. Стварыла музей Ф. Лежэ ў Б'ёце (Прыморскія Альпы, 1960) і на радзіме мастака ў Лізоры (Нармандыя, 1970).
Мела персанальныя выстаўкі ў Маскве і Мінску (1972). Падаравала Нацыянальнаму мастацкаму музею Беларусі вялікую колькасць злепкаў і рэпрадукцый шэдэўраў сусветнага мастацтва, твораў Ф. Лежэ і ўласных работ.
Узнагароджана ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1972), Ганаровага легіёна Францыі.
Памерла Надзея Пятроўна Хадасевіч-Лежэ 8 мая 1983 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Гибок-Гибковский, А. Увидеть Париж... И покорить / А. Гибок-Гибковский // Советская Белоруссия. – 2008. – 5 сент. – С. 8–9.
2. Дубенская, Л. А. Рассказывает Надя Леже : повесть / Л. А. Дубенская. – Минск, 1983 – 255 с.
3. Крепак, Б. «Надька! Даёшь Париж!...» / Б. Крепак // Белорусская деловая газета. – 2001. – 29 марта. – С. 12.
4. Подлипский, А. Надя / А. Подлипский // Народнае слова. – 1996. – 19 верас. – С. 4.
5. Северюхин, Д. Я. Художники русской эмиграции (1917–1941) : биографический словарь / Д. Я. Северюхин, О. Л. Лейкинд. – СПб., 1994. – 589 с.
6. Хадасевіч-Лежэ Надзея Пятроўна // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 640–641.
7. Хадасевіч-Лежэ Надзея Пятроўна // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 430–431.