Хіцько Іван Паўлавіч
Хіцько Іван Паўлавіч нарадзіўся 7 ліпеня 1938 года ў в. Дубрава Гарадоцкага раёна. Беларускі мастак, спецыяліст у галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
У 1966 годзе скончыў мастацка-графічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя С. М. Кірава, дзе пачаў працаваць на кафедры працы і дэкаратыўнага мастацтва. У 1979 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук БССР. З 1991 года – дацэнт кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мастацка-графічнага факультэта Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава.
З 1967 года – член Саюза дызайнераў Беларусі. Удзельнік абласных, рэспубліканскіх, міжнародных выстаў і конкурсаў.
Асноўная навуковая і творчая дзейнасць Івана Паўлавіча – мастацкая апрацоўка драўніны і іншых прыродных матэрыялаў, праектаванне школьных, клубных інтэр'ераў і месцаў адпачынку для дзяцей. Сярод распрацовак: праект добраўпарадкавання дзіцячай абласной бальніцы драўлянымі скульптурамі і малымі архітэктурнымі формамі, праекты гульнёвых зон, мастацка-канструктарскае рашэнне інтэр'ераў і фасадаў дзіцячых садоў у вёсках Маскаляняты, Мехавое, Пальмінка Гарадоцкага раёна, праекты мастацка-канструктарскага рашэння інтэр'ераў больш за 10 клубаў і дамоў культуры Віцебскай вобласці, праект рашэння інтэр'ера сталовай у Віцебскім дзяржаўным універсітэце і інш.
Іван Паўлавіч Хіцько апублікаваў больш за 100 навуковых прац, у тым ліку метадычных артыкулаў і дапаможнікаў: «Мастацтва разьбы па дрэве» для вучняў 7–11 класаў, «Разьба па дрэве» для вучняў 9–11 класаў. З'яўляецца аўтарам эксперыментальных праграм і падручнікаў для сярэдніх школ «Тэхналогія народных рамёстваў», дапаможніка «Дэкаратыўныя наборы з саломкі» і г. д.
Узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства адукацыі БССР «Выдатнік народнай асветы», медалем «Ветэран працы», ганаровымі граматамі Міністэрства асветы СССР, Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР.
ЛІТАРАТУРА
1. Кавалёва, Г. Папараць-кветка вялікага майстра / Г. Кавалёва // Гарадоцкі веснік. – 2018. – 10 ліп. – С. 8.
2. Лазебная, Н. Няўрымслівы мастак-выкладчык / Н. Лазебная // Мы і час (Віцебск). – 2009. – 18 ліп. – С. 5.
3. Лукьянова, Н. Человек худграфа / Н. Лукьянова // Народнае слова. – 2001. – 4 снеж. – С. 4.
4. Мукомол, Л. Искренность души и глубина таланта / Л. Мукомол // Гарадоцкі веснік. – 2002. – 16 крас. – С. 4.
5. Павлова, Е. Иван Хитько / Е. Павлова // Витебский курьер. – 2001. – 30 нояб. – С. 2.
6. Пашковіч, А. І мастак, і дызайнер... / А. Пашковіч // Патрыёт (Ушачы). – 2003. – 11 студз. – С. 2.
7. Хіцько Іван Паўлавіч // Памяць: Гарадоцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Н. А. Бурунова [і інш.] ; уклад. С. І. Садоўская ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларусь, 2004. – С. 716.
СПАСЫЛКІ