Хруцкі Іван Фаміч
Хруцкі Іван Фаміч увайшоў у гісторыю сусветнага жывапісу як заснавальнік класічнага нацюрморта і як аўтар шматлікіх партрэтаў, пейзажаў, інтэр’ераў. Нарадзіўся будучы мастак у мястэчку Ула на Лепельшчыне (цяпер Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці) у сям’і ўніяцкага святара. Першапачатковую мастацкую адукацыю І. Хруцкі атрымаў у Полацкім калегіуме, пасля заканчэння якога ў 1927 г. паехаў у Пецярбург. Два гады браў прыватныя ўрокі ў мастака-партрэтыста англічаніна Д. Дау і адначасова быў вольным слухачом Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, дзе вучыўся ў вядомага мастака-партрэтыста А. Варнекі. Малады мастак удасканальваў сваё майстэрства, працуючы ў Эрмітажы, дзе рабіў копіі твораў вядомых еўрапейскіх жывапісцаў.
Мастак-беларус І. Хруцкі праславіўся перш за ўсё як майстар нацюрморта. З яго імем звязаны прыгожыя дэкаратыўныя кампазіцыі, напісаныя рупліва, падрабязна. Большасць нацюрмортаў выканана ў час вучобы ў Пецярбургу. Першы поспех прыйшоў у 1836 годзе, калі Савет Акадэміі мастацтваў адзначыў яго работу-нацюрморт «Кветкі і плады» вялікім сярэбраным медалём, а ў 1838 г. – малым залатым медалём за нацюрморты «Кветкі і плады» і «Старая, якая вяжа панчоху». У 1839 г. І. Хруцкаму было прысвоена званне акадэміка за выдатныя працы ў партрэтным, пейзажным жывапісе і асабліва за напісанне нацюрмортаў. У гэты перыяд, калі паспяхова складвалася творчае жыццё мастака, памёр яго бацька. І. Хруцкі вымушаны быў пакінуць Пецярбург і пераехаць у маёнтак Захарнічы каля Полацка. Там жыў і плённа працаваў да канца сваіх дзён.
Сярод нацюрмортаў вылучаецца «Кветкі і садавіна» (1839). Вакол вазы з кветкамі размешчаны садавіна і ягады: вінаград і яблыкі злева, кошык з парэчкамі справа. І. Хруцкі ілюзорна выпісвае пялёсткі кветак, скурку яблыкаў, сліў. Адчуваецца цвёрдасць яблыкаў, сакавітасць сліў, празрыстасць вінаградзін. Ваза з кветкамі прываблівае маляўнічай разнастайнасцю. Іграючы адценнямі, колерамі, формамі мастак намагаецца ажывіць кампазіцыю. На карціне «Плады» (1839) адлюстраваны прадметы самыя звычайныя: рыба ў медным тазіку, цыбуля, морква, агуркі, грыбы ў плеценым кошыку. Вялікая па памеры кампазіцыя вызначаецца выразнасцю, яснасцю пабудовы, дакладнай манерай пісьма. Мастак адкрывае гледачу прыгажосць паўсядзённасці: ён любуецца цвёрдай морквай, толькі што памытай, з бліскучай паверхняй, сакавітымі яблыкамі, грыбамі, толькі што прынесенымі з лесу, з лясным пахам, і, вядома, гарбузом, важкасць і аб’ём якога падкрэслены святлаценню. І. Хруцкі шмат у чым абапіраўся на традыцыі галандскага нацюрморта XVII ст., дзе, як і ў рускім мастацтве XVIII ст., былі папулярныя так званыя нацюрморты-падманкі, адметныя асаблівай ілюзорнасцю. Элементы «падманкі» прысутнічаюць і ў кампазіцыі «Плады». Гэта нож, які ляжыць справа ад гарбуза, ручка яго як бы выходзіць наперад, за плоскасць палатна, і ствараецца ўражанне, што нож можна ўзяць рукамі. У творчым багажы мастака ёсць і такія нацюрморты, як «Грыбы і агуркі» (1839), «Нацюрморт са свечкай» (1839), «Садавіна і птушка» (1830-я гг.), «Бітая дзічына, агародніна і грыбы» (1854) і інш.
Адлюстраванне інтэр’ераў, партрэты, пейзажы – таксама творчая спадчына І. Хруцкага. Аўтар ужывае разнастайныя кампазіцыйныя прыёмы, якія дапамагаюць раскрыць вобраз. Добра вядомы такія работы, як «Партрэт маладой жанчыны з кошыкам» (1835), «Партрэт невядомай» (1830-я гг.), «Партрэт невядомай з кветкамі і садавінай» (1838). Цеплынёй і сардэчнасцю вызначаецца «Партрэт хлопчыка ў саламяным брылі», выкананы ў канцы 1830 – пачатку 1840-х гг. Мастак здолеў перадаць стан задуменнасці ў поглядзе, выразе твару дзіцяці, жэсце рук, статычнасці фігуры. Як і ў многіх іншых працах І. Хруцкага, тут адбылося спалучэнне партрэта і нацюрморта.
І. Хруцкі стварыў шмат партрэтаў, і нярэдка гэта – выявы землякоў мастака. Парадныя партрэты ўніяцкіх мітрапалітаў І. Булгака і І. Сямашкі (1838) вылучаюцца пратакольнасцю паказу, засяроджаннем увагі на выпісванні ордэнаў і іншых аксесуараў касцюмаў. Большасць вобразаў, увасобленых аўтарам у партрэтах, мае яркі індывідуальны характар. Экзальтаванасць іераманаха В. Лісоўскага, дзейсная натура публіцыста і гісторыка М. Маліноўскага, іранічная насмешлівасць прадвадзіцеля дваранства М. Ромера ўдала выяўлены жывапісна-пластычнымі сродкамі.
Паспрабаваў сябе І. Хруцкі і ў сакральным жывапісе. Ён напісаў абразы для царквы трох віленскіх пакутнікаў у Вільні, абразы для іканастасаў сабора Аляксандра Неўскага ў Коўне, царквы Святога Іосіфа ў Трынопалі, партрэты царкоўных дзеячаў для архіерэйскага дома ў Вільні.
Сёння творы І. Хруцкага знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Траццякоўскай галерэі, Рускім музеі, Нацыянальным музеі ў Варшаве, прыватных зборах.
ЛІТАРАТУРА
1. Академик живописи, «цветов и фруктов» // Зара (Бешанковічы). – 2010. – 5 лют. – С. 8.
2. Бынькоў, А. Ушанавалі Яна Хруцкага / А. Бынькоў // Витебские вести. – 2015. – 27 авг. – С. 23.
3. Дьяков, Л. Тихая жизнь Ивана Хруцкого / Л. Дьяков // Искусство. – 2009. – № 16 (авг.). – С. 22–23.
4. Іван Фаміч Хруцкі // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Бешанковіцкага раёна / рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1991. – С. 60–61.
5. Іван Хруцкі, 1810–1885 : [альбом-каталог] / аўт.-склад.: І. М. Паньшына, А. К. Рэсіна. – Мінск : Беларусь, 1990. – 102 с.
6. Іван Хруцкі = Иван Хруцкий = Ivan Khrutsky : [альбом] / аўт. тэксту і склад. А. П. Харак ; фота Д. М. Казлова, А. Л. Ліхтаровіча. – Мінск : Беларусь, 2012. – 21 с. – (Славутыя мастакі з Беларусі).
7. Иван Фомич Хруцкий, 1810–1885 : альбом / авт. текста Н. Усова ; гл. ред. А. Барагамян. – Москва : Комсомольская правда, 2010. – 48 с. – (Великие художники: т. 31).
8. Искусство живописи / Художественная культура Витебска с древности до 1917 года : историко-художественный очерк / А. В. Русецкий, Ю. А. Русецкий. – Минск: БелЭн, 2001. – С. 176–191.
9. Крачкоўскі, А. Акадэмік жывапісу з Улы: да 200-годдзя І. Хруцкага / А. Крачкоўскі // Краязнаўчая газета. – 2010. – № 5 (лют.). – С. 1.
10. Мастера живописи – уроженцы Беларуси // Архівы і справаводства = Архивы и делопроизводство. – 2015. – № 5. – С. 149–156.
11. Мінкевіч, Л. Вежа, квадрат і... мясная туша / Л. Мінкевіч // Народная газета. – 2013. – 11 ліп. – С. 12.
12. Осипова, Л. Иван Хруцкий / Л. Осипова // Семья и школа. – 2011. – № 2. – С. 48.
13. Рэсіна, А. К. Хруцкі Іван Фаміч / А. К. Рэсіна // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2003. – Т. 17 : Хвінявічы—Шчытні. – С. 64—65.
14. Чаропка, В. Іван Хруцкі: выдатны мастак з Полатчыны / В. Чаропка. – Мінск : Харвест, 2015. – 64 с.: малюнкі. – (100 выдатных дзеячоў беларускай культуры).
СПАСЫЛКІ
1. Журнал «Галерея». «Малые жанры» Ивана Хруцкого