Крупеня Дзям’ян Уладзіміравіч
Крупеня Дзям'ян Уладзіміравіч – старэйшы мастак Ушаччыны. Ветэран самадзейнага руху на Віцебшчыне. Нарадзіўся 13 красавіка 1928 года ў в. Судзілавічы Ушацкага раёна. Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў 5 класаў мясцовай школы. Юнацтва прайшло ў партызанскай брыгадзе імя П. Панамарэнкі.
Служыў у Савецкай Арміі (1947–1951). Талент праявіўся яшчэ да вайны, падчас вучобы ў школе. Але ключавую ролю адыграла служба ў арміі. Тут ён скончыў вячэрнюю школу і мастацкую студыю пры Доме афіцэраў. І сваю першую карціну напісаў менавіта ў войску. Пасля арміі працаваў культработнікам сельгасарцелі «Майская раніца» і завочна вучыўся. Закончыў Усесаюзны ўніверсітэт народнага мастацтва імя Н. К. Крупскай (1957), Віцебскае культурна-асветнае вучылішча (1982). Дзесяць гадоў займаў пасаду дырэктара сельскага Дома культуры саўгаса «Глыбачаны». Увесь вольны час аддаваў любімай справе – жывапісу. Дзям'ян Уладзіміравіч – удзельнік народнага клуба самадзейных майстроў і мастакоў «Адраджэнне».
Пасля выхаду на пенсію выкладаў урокі малявання ў школе і працягваў весці заняткі ў студыі выяўленчага мастацтва пры Глыбачанскім Доме культуры. Удзельнік шматлікіх раённых, абласных, рэспубліканскіх і ўсесаюзных выстаў народнай творчасці.
Лаўрэат I і II Усебеларускага фестывалю народнай творчасці «Беларусь – мая песня» (1997, 2005). Майстар складанай шматфігурнай кампазіцыі, праз якую здатны перадаць усе калізіі народнага жыцця. Увайшоў у гісторыю самадзейнага мастацтва як аўтар жывапісу на партызанскую і калгасную тэматыку. Аўтар шматлікіх твораў пра родны край (пейзажы з ушацкімі краявідамі). Творы Д. Крупені экспанаваліся ў Вільнюсе, Віцебску, Маскве, Мінску, а таксама ў Англіі, Венгрыі, Германіі, Чэхаславакіі.
ЛІТАРАТУРА
1. Александров, Л. Умение видеть прекрасное / Л. Александров // Гарадоцкі веснік. – 2007. – 21 крас. – С. 2.
2. Багдановіч, Н. Дзядуляў сшытак / Н. Багдановіч // Патрыёт (Ушачы). – 2015. – 30 снеж. – С. 2.
3. Большакова, Ю. Демьян Крупеня вышел из «Прорыва», но в своих картинах туда не возвращается / Ю. Большакова // Сельская газета. – 2017. – 9 февр. – С. 8.
4. Варатынская, Г. Прыгажосць жыцця / Г. Варатынская // Патрыёт (Ушачы). – 2006. – 28 чэрв. – С. 3.
5. Гальпяровіч, Н. З ушацкіх узгоркаў / Н. Гальпяровіч // Літаратура і мастацтва. – 1988. – 6 мая. – С. 13.
6. Дроздова, Н. Сюжеты жизни / Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 29 нояб. – С. 11.
7. Законнікаў, С. Прыцягненне зямлі / С. Законнікаў // Літаратура і мастацтва. – 1978. – 23 чэрв. – С. 12–13.
8. Кавалеўская, К. Вялікую эпоху ўславіў у палотнах / К. Кавалеўская // Патрыёт (Ушачы). – 2018. – 21 крас. – С. 5.
9. Караленка, В. І спынілася вечнасць / В. Караленка // Патрыёт (Ушачы). – 2008. – 19 крас. – С. 3.
10. Крупеня Дзям'ян Уладзіміравіч // Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны / калектыў аўт.: Л. У. Вакар [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2011. – С. 250.
11. Крупеня Дзям'ян Уладзіміравіч // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 552.
12. Марозава, В. З перыяду «Сярэбраных падкоў» / В. Марозава // Полацкі веснік. – 2012. – 28 лют. – С. 7.
13. Раманаў, Ф. Сустрэча на малой радзiме / Ф. Раманаў // Патрыёт (Ушачы). – 1997. – 22 лют. – С. 2.
14. Салтук, А. Ад родных ніў / А. Салтук / Віцебскі рабочы. – 2004. – 10 жн. – С. 2.