Крываблоцкая (Маркавец) Галіна Пятроўна
Крываблоцкая (Маркавец) Галіна Пятроўна нарадзілася 26 ліпеня 1953 года ў в. Янкі Докшыцкага раёна. Беларуская мастачка. Працуе ў дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.
Скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1976). Вучылася ў П. Масленікава, А. Бараноўскага, М. Раманюка. 3 1976 года праца на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Працавала над сцэнічнымі вобразамі да фалк-оперы-прытчы «Песня пра долю» ў выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Потым былі распрацаваны сцэнічныя касцюмы для іншых калектываў Рэспублікі Беларусь. Але ўсё ж у творчасці Галіны асноўнае месца займае габелен. Дыяпазон яе творчасці шырокі: ад інсталяцыі да аб'ёмнай тэкстыльнай пластыкі, ад міні-габелена да манументальных габелен-заслонаў.
З 1993 года выкладчык Беларускага каледжа мастацтваў.
Удзельніца мастацкіх выставак з 1976 года. Творы Г. П. Крываблоцкай знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Літаратурным музеі Я. Купалы (Мінск), Музеі беларускай культуры ў г. Гайнаўка (Польшча), Палацы культуры ў г. Бярдзічы (Украіна), у прыватных зборах у ЗША, Індыі, Германіі і інш. Габелены ў выкананні Галіны Крываблоцкай упрыгожваюць Палац Рэспублікі, Нацыянальную бібліятэку Беларусі і інш.
Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1985 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Крываблоцкая Галіна Пятроўна // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 625–627.
2. Малевіч, Я. Роздум / Я. Малевіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2017. – 29 крас. – С. 4.
3. Цімошык, Л. І. Знітаванасць / Л. Цімошык // Літаратура і мастацтва. – 2019. – 4 студз. – С. 12.