Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Маркавец Віктар Пятровіч

Дата нараджэння
05.08.1947
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Докшыцкі раён, г. Докшыцы
Дата смерці
17.09 2013
Род дзейнасці
мастак
Спецыялізацыя
жывапіс
Узнагароды і прэміі
прэмія Ленінскага камсамола Беларусі

Маркавец Віктар Пятровіч нарадзіўся 5 жніўня 1947 года ў г. Докшыцы. Беларускі мастак. У 1971 годзе скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут. Вучыўся ў І. Ахрэмчыка. Сам быў выкладчыкам Акадэміі мастацтваў. З яго курсаў выйшлі вядомыя сёння мастакі і пісьменнікі.

Працаваў у розных жанрах станковага жывапісу. Галоўнай тэмай мастацтва В. Маркаўца, яго творчых памкненняў застаюцца думкі пра радзіму бацькоў, пра Докшыцкі край, куды ён бясконца вяртаецца з блізкіх і далёкіх паездак, якія толькі пашыраюць яго творчае бачанне, даюць магчымасць яшчэ глыбей зразумець каштоўнасць адвечнага, традыцый, памяці. Віктарам Маркаўцом напісана звыш 200 карцін, якія экспанаваліся больш як на 20 персанальных і шматлікіх групавых рэспубліканскіх выстаўках, набылі вядомасць на радзіме і за мяжой. Ён рэканструяваў партрэты значных дзеячаў беларускай гісторыі і культуры – У. Сыракомлі, В. Дуніна-Марцінкевіча і яго дачкі Камілы, бацькоў Якуба Коласа і Янкі Купалы. Стварыў сэрыю прац, прысвечаных К. Каліноўскаму.

Віктар Пятровіч Маркавец – удзельнік мастацкіх выставак з 1971 года. Сярод найбольш значных персанальных выставак мастака: «Заслаўе – старажытны горад» (1991), «Старонкі гісторыі Заслаўя» (1996), «Вайшкунскі краявід» (1998), «Гістарычныя вобразы ў маляванках Віктара Маркаўца» (1993, штат Нью-Джэрсі, США), «Гістарычныя імпрэсіі» (1993, Польшча), выстаўкі-рэканструкцыі старонак гісторыі Заслаўя (2001–2002). Удзельнічаў у мастацкіх пленэрах і выстаўках, прысвечаных памяці Я. Драздовіча (2001–2002), Т. Касцюшкі (2002), акцыях памяці беларускай мастачкі Г. Русак і інш.

Ён спраектаваў і распісаў царкву ў Заслаўі, аднаўляў роспісы Свята-Пакроўскай (Докшыцы) і Свята-Георгіеўскай (Сітцы) цэркваў, стварыў два праекты з Алесем Разанавым, у тым ліку знакамітыя «Яйкаквадраты». Апошнія гады ладзіў выставы ў фальварку «Добрыя мыслі», займаўся аздабленнем дзвярэй, шафаў.

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах Беларускага саюза мастакоў, Літаратурным музеі М. Багдановіча, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа (Мінск), гісторыка-культурным запаведніку ў Заслаўі, Магілёўскім абласным мастацкім музеі імя П Масленікава, выставачным аб'яднанні «Цэнтральны Дом мастака» ў Маскве, Музеі беларускай культуры ў г. Гайнаўка (Польшча), у прыватных зборах за мяжой і на радзіме.

Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1980).

Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1977 года.

Памёр Віктар Пятровіч Маркавец 17 верасня 2013 года.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Вярэміч, М. Час яшчэ не настаў / М. Вярэміч // Мастацтва. – 1997. – № 11. – С. 42–47.

2. Гаранская, Т. «Вясна на Докшыцкай зямлі» / Т. Гаранская // Мастацтва Беларусі. – 1991. – № 12. – С. 16–22.

3. Малевіч, Я. Роздум / Я. Малевіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2017. – 29 крас. – С. 4.

4. Маркавец Віктар Пятровіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2000. – Т. 10 : Малайзія–Мугаджары. – С. 114.

5. Маркавец Віктар Пятровіч // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 628–631.

6. Марозаў, В. Без прыгажосці не пражыць / В. Марозаў // Віцебскі рабочы. – 1991. – 8 чэрв. – С. 4.