Палякова Ларыса Міхайлаўна
Палякова Ларыса Міхайлаўна нарадзілася 3 жніўня 1952 года ў в. Лукомль Чашніцкага раёна, але дзяцінства яе прайшло ў Парычах, на Гомельшчыне.
У 1976 годзе скончыла аддзяленне графікі Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута.
У мастацкіх выстаўках удзельнічала з 1975 года. Працавала ў розных тэхніках станковай графікі (лінагравюра, літаграфія, афорт, пастэль, акварэль). Схільнасць Ларысы да аналітычнага ўспрымання рэчаіснасці, адметнасць асобы маладой мастачкі падкрэсліваюць яе талент, уменне адразу схапіць характар натуры, ляпіць форму, выяўляць тонкую гармонію і каларыт у жывапісе.
Сярод яе твораў серыя на тэму сялянскага жыцця – «Кірмаш» (1972), партрэты беларускіх сялянак (1974–1975), нацюрморты – «Кветкі» (1975), «Нацюрморт з "Мадоннай" Бенуа» (1976), пейзажы – «Віленскі дворык» (1973), «Мінск. Мой горад» (1974), «Парычы» (1975) і інш.
Працавала мастацкім рэдактарам у выдавецтве «Вышэйшая школа», дзе аформіла шэраг кніг для дзяцей. Аформіла кнігі «Чубаценькі будзільнік» І. Гурбана (1979), зборнік англійскіх казак «У Мэры быў баранчык» (1980), «Загадкі ў карцінках» (1981). За афармленне кнігі англійскіх загадак была ўзнагароджана дыпломам на XXIV Усесаюзным конкурсе «Мастацтва кнігі – 82».
Творчасць Ларысы Паляковай прасякнута любоўю да прыроды, цікавасцю да беларускай культурнай спадчыны, рамантычным адчуваннем жыцця.
Памёрла 10 красавіка 1981 года.
Частка лепшых твораў Паляковай сёння – маёмасць Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, частка – захоўваецца ў «залатым» фондзе Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
ЛІТАРАТУРА
1. Данілевіч, Д. «Водгулле песні няспетай» / Д. Данілевіч // Культура. – 2008. – 20–26 верас.– С. 14.
2. Палякова Ларыса Міхайлаўна // Памяць: Чашніцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: М. Ц. Дробыш [і інш.] ; аўт.-уклад. Н. Т. Кіндзяева ; рэд.: А. І. Валахановіч, В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1997. – С. 454.
3. Шаранговіч, Н. Партрэт з некранутым аркушам / Н. Шаранговіч // Мастацтва Беларусі. – 1985. – № 8. – С. 30–33.