Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Палянкоў Мікалай Сцяпанавіч

Дата нараджэння
19.12.1921
Месца нараджэння
Віцебская вобласць, Аршанскі раён, горад Барань
Дата смерці
2005
Род дзейнасці
мастак
Узнагароды і прэміі
ордэн Айчыннай вайны 2-й ступені

ПАЛЯНКОЎ МІКАЛАЙ СЦЯПАНАВІЧ нарадзіўся 19 снежня 1921 года ў г. Барань Аршанскага раёна, беларускі жывапісец. Член Саюза мастакоў Беларусі (1965). У 1938–1941 гг. вучыўся ў Віцебскім мастацкім вучылішчы ў В. Дзежыца, Л. Лейтмана. Працаваў на Пуцілаўскім заводзе ў Петраградзе, потым аднаўляў ліцейную вытворчасць у Оршы, Барані.

Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. У адным з жорсткіх баёў танк, якім ён кіраваў, быў падбіты, а сам Мікалай Сцяпанавіч быў цяжка паранены і трапіў у палон. Быў вязнем канцлагераў у Беларусі, Прыбалтыцы, Польшчы, Чэхаславакіі.

Пасля вайны прыехаў у Віцебск. На месцы вучылішча ўбачыў адны руіны. Пазней, даведаўшыся пра жудасныя страты, якія панеслі выкладчыкі і студэнцкі калектыў у гады вайны, напісаў карціну «Палотны, мадэлі і мастакі, якія ляжаць у зямлі».

У 1949 годзе скончыў Растоўскае мастацкае вучылішча імя М. Грэкава. Вучыўся ў А. Чарных, С. Жоўмера. Працаваў у Віцебскіх мастацкіх майстэрнях.

Выпрабаванні, якія выпалі на долю Палянкова ў гады Вялікай Айчыннай вайны, прадвызначылі галоўны накірунак творчасці. Вядомасць мастаку прынесла карціна «У звальненні». Многія яго жывапісныя палотны прысвечаны мужнасці, гераізму, самаадданасці, самаахвярству прадстаўнікоў абпаленага вайной пакалення. Сярод яго твораў тэматычныя карціны: «Вызваленне» (1965), «Бярозавы сок» (1969), «Франтавы сон» (1975), «На роднай зямлі» (1975), «Салдацкая песня» (1985).

Мікалай Палянкоў – мастак шырокага дыяпазону. Ён вядомы і як аўтар лірычных пейзажаў. Творам Палянкова ўласцівы выразны колер, гармонія адценняў. Каля двух дзесяткаў работ мастак перадаў у дар г. Орша. Вынікам яго паездак у Чарнобыльскую зону сталі 90 партрэтаў супрацоўнікаў унутраных спраў, якія прынялі ўдзел у ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы.

Творы мастака знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, фондах БСМ, Полацкай карціннай галерэі, Гомельскім краязнаўчым музеі, Аршанскім этнаграфічным музеі «Млын», Светлагорскай карціннай галерэі, Бранскім абласным музеі выяўленчых мастацтваў (Расія).

Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалямі. 3 1958 года жыве ў Гомелі. Удзельнічае ў мастацкіх выстаўках.

 

ЛІТАРАТУРА:

1. Жыццё, аддадзенае мастацтву // Вёрсты пройдзеных дарог / І. А. Яршоў, В. М. Сіднякова. – Магілёў : Магілёўская друкарня, 2003. – С. 181–191.

2. Кавалёва, А. Вайна ў творах мастака / А. Кавалёва // Аршанская газета. – 2002. – 15 мая. – С. 1.

3. Палянкоў Мікалай Сцяпанавіч // Беларускі Саюз Мастакоў = Belarussian union of artists : энцыклапедычны даведнік / аўт.-склад.: Б. А. Крэпак [і інш.]. – Мінск : Кавалер Паблішэрс, 1998. – С. 409.

4. Палянкоў Мікалай Сцяпанавіч // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад.: Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 437–438.

5. Палянкоў Мікалай Сцяпанавіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1987. – Т. 4 : Накцюрн–Скальскі. – С. 161.

6. Яршоў, І. Красой зямной зачараваны / І. Яршоў // Вiцебскі рабочы. – 2004. – 10 сак. – С. 4.