Пляшчынскі Іларыён Мікалаевіч
Пляшчынскі Іларыён Мікалаевіч нарадзіўся 28 красавіка 1892 г. у г. Докшыцы. Украінскі графік і жывапісец. Удзельнік 1-й сусветнай і грамадзянскай войнаў. Трапіў у германскі палон, у якім правёў 4 гады, да 1918 года.
Вучыўся ў школе «Таварыства заахвочвання мастакоў» у Пецярбургу. У 1919 годзе І. М. Пляшчынскі прыехаў у Казань і адразу ж паступіў у Казанскія вольныя мастацкія майстэрні (пазней – Казанскі мастацка-тэхнічны інстытут), дзе пасля іх заканчэння (1921) кіраваў майстэрняй літаграфіі і ўзначаліў графічны факультэт інстытута.
У сярэдзіне 20-х гадоў мастак пераязджае ў Кіеў, дзе выкладае ў Кіеўскім мастацкім інстытуце і Кіеўскім інжынерна-будаўнічым інстытуце. З 1948 года – прафесар Кіеўскага мастацкага інстытута, у 1931–1944 гг. – загадчык кафедрай малюнка і жывапісу Кіеўскага інжынерна-будаўнічага інстытута. На працягу многіх гадоў з'яўляўся старшынёй бюро секцыі графікі Украінскага саюза мастакоў.
Іларыён Мікалаевіч Пляшчынскі працаваў пераважна ў галіне лірычнага пейзажа, а таксама кніжнай і прамысловай графікі. Стварыў серыі літаграфій, афортаў і малюнкаў: «Кіеў. Пейзажы на беразе Дняпра» (1927), «Па шаўчэнкаўскіх месцах», «Шаўчэнкаўскі запаведнік у Каневе» (1936–1938), «Дняпроўскія матывы» (1947–1961) і інш. 3 канца 1940-х гадоў неаднаразова наведваў родныя мясціны, якім прысвяціў шэраг твораў, у тым ліку «Лодкі на заснежаным беразе», «Алеся ў Першамайскім садзе», «Казлоўская вуліца», «Ранняя вясна» (1953), «Увесну на Перадмоставай слабадзе» (1958), «Перадмоставая слабада. Лодкі на беразе» (1959), «На вуліцы ўзімку» (1960) і інш. Яго творы знаходзяцца ў калекцыях найбуйнейшых музеяў Масквы, Санкт-Пецярбурга, Казані, Кіева, а гэтак жа ў прыватных зборах усяго свету. Работы мастака выстаўляліся на рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Персанальныя выставы Пляшчынскага датуюцца 1922, 1924, 1937, 1964, 1978, 1983, 2013 гг. За час творчай дзейнасці меў 8 персанальных выставак.
Памёр Пляшчынскі Іларыён Мікалаевіч 6 лютага 1961 года. Пахаваны ў Кіеве на Байкавых могілках.
ЛІТАРАТУРА
1. Пляшчынскі Іларыён Мікалаевіч // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 635–636.
СПАСЫЛКІ