Раманоўскі Пётр Міхайлавіч
Раманоўскі Пётр Міхайлавіч нарадзіўся 21 верасня 1919 г. у Оршы, беларускі жывапісец. У 1938 г. скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча. Як адзін з лепшых студэнтаў быў накіраваны ва Усерасійскую акадэмію мастацтваў, але скончыць яе не давялося. Пачалася Вялікая Айчынная вайна. 3 чэрвеня 1944 г. на фронце. У рэчавым мяшку салдата заўсёды былі алоўкі і папера. Ён шмат маляваў, перш за ўсё сваіх баявых таварышаў. У 1948 г. скончыў Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна. У 1948–54 гг. выкладчык Мінскага мастацкага вучылішча.
У мастацкіх выстаўках удзельнічаў з 1949 г. Працаваў у галіне сюжэтна-тэматычнай карціны.
Яго палотны «На канікулах» (1951), «Сяброўкі» (1952), «Уборка капусты» (1958) увайшлі ў залаты фонд беларускага пасляваеннага мастацтва. Яго творчасць ішла ад рэчаіснасці, была напоўнена жыццёвай праўдай.
Мастака заўсёды захаплялі беларускія краявіды. Вынікам яго працы ў жанры пейзажа сталі цудоўныя палотны: «Жыта» (1960), «Зямля кліча» (1961), «Залатая восень» (1963), «Зімовы пейзаж», «Над Нёманам», «Возера Сенеж» і інш.
П. М. Раманоўскі вядомы і як таленавіты партрэтыст. Ён аўтар такіх вядомых партрэтаў як «Сын» (1967), «Мастак А. Шаўчэнка» (1970), «Паэт А. Русак» (1975) і інш.
У аматараў аршанскай даўніны асаблівую цікавасць выклікаюць работы мастака 1946 г.: «Орша. 1946 год», «Дняпро», «Пакроўская царква», «Ільінская царква», якія даюць уяўленне пра горад у першыя пасляваенныя гады.
Шмат работ мастака знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Амаль паўсотні карцін мастак падарыў Оршы.
Узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Памёр 23 верасня 1977 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Варшаўскі, Д. Раманоўскі Пётр Міхайлавіч / Д. Варшаўскі // Аршанская газета. – 2023. – 26 жн. – С. 8.
2. Воранава, І. Мастак жыццёвай праўды / І. Воранава // Народнае слова. – 2004. – 9 кастр. – С. 6.
3. Ершов, И. Спрятанный талант / И. Ершов // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 22 окт. – С. 7.
4. Пакуты і радасці пошукаў // Вёрсты пройдзеных дарог / І. А. Яршоў, В. М. Сіднякова. – Магілёў : Магілёўская друкарня,2003. – С. 173–180.
5. Романовский Петр Михайлович (выставка произведений, Минск, 1979). Выставка произведений художника Петра Михайловича Романовского : посвящ. 60-летию со дня рождения: каталог / П. М. Романовский; предисл. П. Шевцова. – Минск : Полымя, 1979. – 27 с.
6. Раманоўскі Пётр Міхайлавіч // Памяць: Орша. Аршанскі раён : Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. –.С. 438.
7. Яршоў, І. Вялікая Айчынная вайна ў творах мастакоў Оршы і Аршаншчыны / І. Яршоў // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 7 мая. – С. 7 ; 14 мая. – С. 8.