Шаўроў Сямён Сцяпанавіч
Шаўроў Сямён Сцяпанавіч нарадзіўся 15 жніўня 1916 года ў Оршы, беларускі самадзейны майстар разьбы па дрэве. Працаваў электразваршчыкам на чыгунцы, потым мастаком-афарміцелем на заводзе «Легмаш» у Оршы.
Удзельнік мастацкіх выставак з 1963 г. На першай выставе былі прадстаўлены 2 яго работы – «Тры багатыры» і «Канёк-гарбунок». 3 таго часу ніводная выстаўка разьбяроў па дрэве не абыходзіцца без работ С. С. Шаўрова. Тэматыка твораў: фальклорныя, літаратурныя, казачныя сюжэты – «Баба Яга і чорт» (1964), «Гусляр» (1970), «Лявоніха» і «Жалейка» (1972), гераічнае партызанскае мінулае рэспублікі – «Партызан» (1972), «Ворагі» (1974), народны побыт – «Сакрэт» (1964), «Сельскія музыканты» (1973), прырода – «Лось і ласіха» (1972), «Барс» (1981), «Дзік» (1982) і многія іншыя. У яго творах многа гумару, любові да жыцця. Героі іх – людзі, з якімі мастак сябраваў ці бачыў у дзяцінстве. Напрыклад, у скульптурнай групе «Каляды» ён увасобіў усё, што бачыў у дзяцінстве – і адзенне, і абутак, і манеру трымацца ў вясёлай кампаніі. Тонка і выразна перадае ён рысы кожнага героя, дакладна падмячае і адлюстроўвае адценні настрою.
Ёсць у С. С. Шаўрова і манументальныя драўляныя кампазіцыі. У 1982 г. да 100-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы ён зрабіў з дрэва стэлу вышынёй 6,5 м, якую ўстанавілі на плошчы Юнацтва ў Гродне. Яшчэ адна скульптурная група па творах Купалы была зроблена з дубу вышынёй 4 м для жыхароў Брэста.
У 1992 г. у Оршы адкрыты Дом-музей драўлянай скульптуры С. С. Шаўрова. Каля 50 яго работ захоўваюцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі, Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі. 3 самабытнай творчасцю разьбяра знаёмы аматары мастацтва Германіі, Канады, Францыі і іншых краін.
Памёр 10 лютага 2000 года.
ЛІТАРАТУРА
1. Дзмітрыева, В. «Займайцеся разьбой па дрэве і будзеце доўга жыць» / В. Дзмітрыева // Аршанская газета. – 1996. – 20 жн. – С. 4.
2. Маркевич, М. Творчасць разбяра – самабытная / М. Маркевіч // Аршанская газета. – 2002. – 24 верас. – С. 4.
3. Маркевич, М. У дзень яго памяці / М. Маркевіч // Аршанская газета. – 2001. – 23 жн. – С. 2.
4. Маршаловіч, Л. «Свая хатка, як родная матка» / Л. Маршаловіч // Вiцебскі рабочы. – 2005. –18 студз. – С. 4.
5. Мірановіч, В. Талент, аддадзены людзям / В. Мірановіч // Аршанская газета. – 1999. – 19 жн. – С. 2.
6. Мірановіч, В. Талент шчырага сэрца / В. Мірановіч // Аршанская газета. – 2003. – 14 жн. – С. 4.
7. Мірановіч, В. Я з дрэвам гутарку вяду / В. Мірановіч // Краязнаўчая газета. – 2012. – № 10 (сак.). – С. 7.
8. Миранович, В. Прикоснувшись к дереву руками / В. Миранович // Телеком-экспресс (Орша). – 2011. – 11 авг. – С. 8.
9. Миранович, Н. Вторая жизнь дерева / Н. Миранович // Аршанская газета. – 2007. – 11 жн. – С. 4.
10. Миранович, Н. А. Прикоснувшись к дереву руками / Н. А. Миранович // Телеком-экспресс (Орша). – 2007. – 15 авг. – С. 5.
11. Новікава А. Юбілей знакамітага разьбяра / А. Новікава // Народнае слова. – 1996. – 20 жн. – С. 1.
12. Самабытны талент / падрыхт. М. Марыніна // Аршанская газета. – 2016. – 13 жн. – С. 6.
13. Шаўроў Сямён Сцяпанавіч // Памяць: Орша. Аршанскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.] ; склад. Т. Г. Ігнацьева [і інш.] ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2000. – Кн. 2. – С. 442.
14. Шкрабо, Е. Свет души и таланта Семена Шаврова / Е. Шкрабо // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 16 апр. – С. 8.
15. Шурын, П. «Хочацца, каб у людзей з’явілася жаданне радавацца» / П. Шурын // Аршанская газета. – 1996. – 15 жн. – С. 2.