Скавырка Святлана Анатольеўна
Скавырка Святлана Анатольеўна нарадзілася ў 1972 годзе ў в. Вішанка Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыла Бабруйскае мастацкае вучылішча № 15 па спецыяльнасці «афарміцель цацак». Працуе дырэктарам Глыбоцкага Дома рамёстаў. Завочна вучылася ў БДПУ імя М. Танка па спецыяльнасці «Выкладанне малюнка і чарчэння. Народныя промыслы». Жывапісам займаецца з 1998 г. Навучалася на курсах па мастацкім роспісе пры Віцебскім АМЦНТ (2008). З 2005 г. актыўна ўдзельнічае ў выстаўках і святах народнай творчасці. З персанальных выстаў: «Імправізацыя» (2005), «Маляваныя дываны» (2008). Лаўрэат абласнога свята-конкурсу майстроў народнага і сучаснага мастацкага роспісу «Райскі сад» (2009). У 2016 годзе прысвоена ганаровае званне «Народны майстар Беларусі».
Ужывае разнастайныя тэхнікі: трафарэт, штампы, вольны пэндзлевы роспіс. Арыентуецца на дываны Глыбоччыны і творчасць Язэпа Драздовіча, а таксама пашырае традыцыйныя матывы тэмамі народных святаў і фальклору. Прыдала маляванцы форму дэкаратыўнага пано, што дазваляе вельмі арганічна скарыстоўваць яе ў сучасным прыватным і грамадскім інтэр'еры.
Адметнасцю яе стылю з'яўляецца вытанчаны раслінны малюнак і далікатнае ўвядзенне ў кампазіцыю тасьмы і іншых сучасных матэрыялаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Анюціна, А. Імправізацыя / А. Анюціна // Веснік Глыбоччыны. – 2005. – 3 снеж. – С. 7.
2. Віншуем з ганаровым званнем! // Веснік Глыбоччыны. – 2016. – 31 снеж. – С. 5.
3. Глінская, А. Гісторыя ў маляванках / А. Глінская // Веснік Глыбоччыны. – 2016. – 22 кастр. – С. 5.
4. Жыгуноў, А. Зямныя зоркі Святланы Скавыркі / А. Жыгуноў // Веснік Глыбоччыны. – 2017. – 1 крас. – С. 5.
5. Сауліч, У. Французы прыехалі ў Глыбокае, каб убачыць... Эйфелеву вежу / У. Сауліч // Вiцебскi рабочы. – 2006. – 24 кастр. – С. 4.
6. Скавырка, С. А. «Нібыта сам Язэп Драздовіч водзіць маёй рукой» / С. А. Скавырка ; гутарыў У. Сауліч // Сельская газета. – 2017. – 13 апр. – С. 15.
7. Скавырка Святлана Анатольеўна // Народныя майстры і мастакі Віцебшчыны / калектыў аўт.: Л. У. Вакар [і інш.]. – Віцебск : Віцебская абласная друкарня, 2011. – С. 176.
8. Хайноўская, А. Глыбокае – Пекін. Нечаканае суседства / А. Хайноўская // Веснік Глыбоччыны. – 2017. – 22 сак. – С. 5.
9. Шпакоўская, Г. Паслядоўнікі Язэпа Драздовіча / Г. Шпакоўская // Витебские вести. – 2014. – 26 апр. – С. 10.
10. Шушкевіч, У. Мелодыя маляванкі / У. Шушкевіч // Лепельскі край. – 2011. – 11 кастр. – С. 4.